25 чэрвеня 2024, aўторак, 9:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названы рэцэпт улюбёнай стравы Васіля Быкава

4
Названы рэцэпт улюбёнай стравы Васіля Быкава

На малой радзіме пісьменнік парушаў сваю гарадскую традыцыю.

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі, што на Віцебшчыне. Пазней, будучы вядомым пісьменнікам, ён час ад часу наведваў родную вёску. «Будзьма» расказвае, як бавіў час і чым любіў паласавацца творца на вёсцы, і гатуем разам любімую страву пісьменніка.

Прыязджаў на дзень-два, любіў хадзіць на возера

Антаніна Быкава - жонка малодшага з братоў-Быкавых Мікалая ў 2013 годзе ў адным з інтэрв'ю ўспамінала, як Васіль Быкаў бавіў свой час, калі яму ўдавалася на пару дзён прыехаць у родную вёску Бычкі, што на Віцебшчыне.

Пісьменнік заўсёды прывозіў падарункі, пляменнікам - цацкі. Ледзь не сталым рытуалам для яго быў шпацыр да мясцовага возера. Але затрымліваўся на малой радзіме пісьменнік нядоўга, як адзначае Антаніна Быкава: «Начаваў у асноўным у нашым доме. Ніколі ў Бычках не затрымліваўся. Дзень-два пабудзе і з'язджае. У яго заўсёды не ставала часу».

Сваячка Васіля Быкава адзначала, што калі літаратар быў у Менску, заўсёды дасылаў ліст на адрас вясковай крамы, дзе і працавала Антаніна: «Пішыце мне да запатрабавання, я ўжо ў Менску». Яна адзначала, што жыла сям'я Быкавых небагата і Васіль у асноўным прыязджаў у Бычкі грамадскім транспартам: «Першая жонка была настаўніцай, і не надта вялікі заробак атрымлівала. А Васіль заўсёды ў раз'ездах. У яго грошы разыходзіліся. Машыны доўга не меў. Усё аўтобусам да нас прыязджаў. Калі з Гародні ў Менск пераехаў, тады ўжо ў яго з'явіліся «Жыгулі».

Звычайна пісьменнік прыязджаў улетку, калі ў вёсцы шмат працы. Калі ў 1984 годзе Быкаву прысвоілі годнасць Герой сацыялістычнай працы, ён з пісьменнікамі прыязджаў у школу ў Кублічы, што за кіламетры трох-чатырох ад Бычкоў. Мясцовае кіраўніцтва з такой нагоды прапанавала арганізаваць банкет, але Быкаў адмовіўся: «Не, хачу пабыць у коле родных». Мы ўсе тады сабраліся разам. Васіль шмат не піў - чарачку-дзве. Але я яго ніколі ў жыцці такім не бачыла, як у той раз! Ён усялякую ўсячыну расказваў, такія анекдоты! І ў такім настроі быў! А звычайна ў яго так атрымлівалася: у некалькіх словах распытае і тэлевізар глядзіць ці газету чытае», - дзялілася ўспамінамі Антаніна.

Клёцкі, вялікія дранікі і амлет з печы

Антаніна прыгадвае, што Васіль Быкаў раніцай у горадзе ніколі не снедаў, выключна піў каву. А ў Бычках заўсёды парушаў гэтую традыцыю: «Амлет на скварках – ягоная ўлюбёная страва, – успамінае сваячка пісьменніка. - Яшчэ клёцкі любіў. Карацей, падабалася яму вясковая ежа, прыгатаваная ў печы. Часта паўтараў: «Ці справа - печ, не дурань яе прыдумаў. Усё ў ёй смачнае!».

Антаніна прыгадвае, што пры жыцці маці Васіль асабліва не прывозіў гасцей. А аднойчы прывёз у госці аж восем пісьменнікаў: «Прыйшоў да мяне: «Пакорміш нас?» - «Вядома». У вёсцы па-іншаму ніяк. Ды і лета на двары: свае агуркі, памідоры. Да таго ж і скварка была, і карова даілася», — расказвала сваячка Васіля Быкава.

Антаніна Аляксандраўна ўспамінала, што пісьменнік любіў паласавацца і вялікім дранікам. Ужо потым, пасля смерці Быкава, сваячка частавала такім дранікам і амлетам на скварках з печы замежных турыстаў, якія наведвалі дом-музей у Бычках.

Як прыгатаваць амлет, які любіў Быкаў?

Рыхтаваць страву вельмі проста і хутка. Амлет атрымліваецца вельмі каларыйны, мусіць таму Васіль Быкаў і дазваляў сабе такі сняданак толькі ў вёсцы.

Сала лепш выбіраць не занадта тоўстае, з мяккай скуркай і мяснымі праслойкамі. Таксама спатрэбяцца яйкі, шклянка малака, соль і перац на смак. Пры жаданні можна дадаць цыбулі і зеляніны.

Спачатку нарэзанае адвольна свіное сала абсмажваецца на сухой патэльні да залацістага колеру. Тым часам яно выпускае шмат тлушчу, на якім потым і гатуецца страва.

Да сала дадаць нарэзаную цыбульку і давесці таксама да залацістага колеру.

Яйкі разбіць у прыдатную ёмістасць і з дапамогай відэльца ўзбіць іх да стану аднастайнай вадкасці, дадаўшы соль і перац пад густ.

Дадаць малака, яшчэ раз добра ўзбіць і выліць на патэльню.

Паставіць у печ, духоўку або гатаваць на пліце пад накрыўкай на невялікай тэмпературы блізу 7 хвілін. Калі выпарыцца вадкасць, амлет узыдзе і будзе готавы.

Пры падачы страва можна пасыпаць пакрышаным зяленівам.

Вам спатрэбіцца:

Сала свіное - 100 грам

Малако - 50 мілілітраў

Яйкі курыныя - 3 штукі

Цыбуля - 50 грам

Соль, перац, зяленіва - пад густ

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках