29 чэрвеня 2024, Субота, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адказ Крамлю: Сербія адмовілася перакрываць каналы перадачы сваёй зброі Украіне

1
Адказ Крамлю: Сербія адмовілася перакрываць каналы перадачы сваёй зброі Украіне

Сербскія вайсковыя заводы працуюць у тры змены.

Прэм'ер-міністр Сербіі і кіраўнік кіруючай Сербскай прагрэсіўнай партыі (SNS) Мілаш Вучэвіч выступіў супраць абмежавання продажу зброі заходнім краінам, нягледзячы на тое, што яны могуць адпраўляць яе Украіне ў рамках вайсковай дапамогі, піша The Moscow Times.

«Я не хачу перашкаджаць кампаніям прадаваць нашыя боепрыпасы ў Гішпанію, Чэхію ці ЗША. Вытворчасць зброі і боепрыпасаў не зʼяўляецца чымсьці забароненым і амаральным, хаця зброя можа выкарыстоўвацца там, дзе ідуць баявыя дзеянні», – сказаў Вучэвіч. Пры гэтым ён падкрэсліў, што продаж зброі не зʼяўляецца дапамогай Сербіі адным з бакоў у вайсковым канфлікце ва Украіне.

Раней прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч у размове з Financial Times пацвердзіў, што ў апошнія два-тры гады краіна павялічыла экспарт боепрыпасаў прыкладна на 800 млн еўраў, а частка паставак заходнім краінам магла трапіць ва Украіну. Разам з тым Вучыч падкрэсліў, што яго галоўнымі абавязкамі зʼяўляецца клопат аб уласнай краіне і народзе, а не кантроль за тым, куды трапляюць боепрыпасы пасля продажу.

Сербскі лідар таксама адзначыў, што экспарт зброі – магчымасць для развіцця бізнэсу ў краіне. Пры гэтым ён адмовіўся прымаць чыйсьці бок у вайсковым канфлікце ва Украіне.

Пасля гэтага ў Крамлі заявілі, што «будуць разбірацца» з Бялградам наконт паставак зброі Украіне. У расейскім МЗС паведамілі аб пачатку перамоў з сербскім бокам у пытанні бяспекі.

Пра тое, што абаронныя заводы Сербіі перавялі на працу ў тры змены пасля пачатку вайны ва Украіне, каб вырабляць боепрыпасы для Кіева, раней казалі крыніцы «Коммерсанта» ў Белградзе. Да гэтага пра пастаўкі сербскай зброі ва Украіну пісала агенцтва Reuters, якое апублікавала сакрэтны дакумент Пентагона пад назвай «Еўропа: адказ на канфлікт Расеі і Украіны». З яго вынікала, што Сербія, хаця і адмовілася навучаць украінскіх вайскоўцаў, пагадзілася пастаўляць Украіне зброю альбо «ўжо яе пастаўляла».

Мілаш Вучэвіч, які займаў тады пасаду міністра абароны краіны, у адказ на гэта заявіў, што «Сербія не прадавала і не будзе прадаваць зброю ні ўкраінскаму, ні расейскаму боку». «Хтосьці, відавочна, хоча дэстабілізаваць нашу краіну і ўцягнуць яе ў канфлікт, у якім мы не будзем удзельнічаць», – казаў ён.

Як растлумачылі крыніцы «Коммерсанта», сербскія ўлады ў гэтай сітуацыі «апасаюцца перш за ўсё жорстка негатыўнай рэакцыі Масквы», якая выказвала заклапочанасць у сувязі з пастаўкамі зброі Украіне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках