Foreign Affairs: Пуцін нацэліўся на дзве краіны Захаду
46- 29.06.2024, 13:25
- 33,964
У іх жыве вялікая колькасць расейцаў.
Для прэзідэнта Расейскай Федэрацыі вайна ва Украіне – гэта як фронт у канфлікце з Захадам. У выніку Масква нацэліцца на краіны NATO, сярод іншых пад атакай могуць апынуцца Эстонія ці Латвія. Пра гэта паведаміла выданне Foreign Affairs.
«Для Пуціна вайна ва Украіне – гэта не толькі – ці нават у асноўным – пра Украіну», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле словаў блізкіх да Пуціна людзей, для яго ўварванне ва Украіну – як адзін фронт у канфлікце з Захадам. Для кіраўніка Крамля поспеху на полі бою можа быць недастаткова. Для перамогі над «сапраўднымі ворагамі» ў Брусэлі і Вашынгтоне, ён можа адчуць, што яму трэба атакаваць чальца NATO.
Расейскія эліты мяркуюць, што найбольш верагоднай мішэнню маглі б быць Эстонія і Латвія, бо ў гэтых балтыйскіх краінах жыве вялікая колькасць расейцаў.
У СМІ расказалі, што Масква можа пайсці па «знаёмай гульні», калі спачатку супрацоўнікі ФСБ прымушаюць расейскамоўных жыхароў адной з дзвюх краінаў заявіць пра прыгнёт з боку «неанацысцкага ўраду» і патрэбу ў дапамозе Крамля. У адказ УС РФ перасякуць мяжу і возьмуць пад кантроль муніцыпалітэты ва ўсходняй частцы любой краіны. Напрыклад, эстонскі горад Нарва, дзе пераважае расейскамоўнае насельніцтва. Акупацыя кіне сур'ёзны выклік NATO, чый прынцып – напад на аднаго з чальцоў з'яўляецца нападам на ўсіх. Так, акупацыяй Нарвы Пуцін праверыў бы, ці сапраўды Альянс гатовы рызыкаваць трэцяй сусветнай вайной праз некалькі квадратных кіламетраў на мяжы з РФ.
Эліта РФ мяркуе, што NATO не адкажа Расеі, бо Захад стомлены і падзелены, а таму менш зацікаўлены ў барацьбе з расейцамі. Яны перакананыя, што краіны Альянсу нібыта не згуртуюцца, каб абараніць атакаваную краіну.