5 лiстапада 2024, aўторак, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Першая пераклічка была апоўначы, другая – а трэцяй ночы, трэцяя – а шостай раніцы»

17
«Першая пераклічка была апоўначы, другая – а трэцяй ночы, трэцяя – а шостай раніцы»

Беларусы ў Варшаве з вечару займаюць чаргу, каб паставіць аўто на ўлік.

Сяргей (імя змененае) жыве ў Варшаве. Нядаўна ён набыў у Польшчы патрыманы аўтамабіль і павінен быў паставіць яго на ўлік. Але сутыкнуўся з нечаканай праблемай: каб атрымаць пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (dowód rejestracyjny) у польскай сталіцы, замежніку даводзіцца займаць чаргу з вечару: колькасць ахвотных нашмат перавышае магчымасці дзяржоргана. Сяргей здолеў прабіцца да запаветнага акенца і расказаў MOST, як гэта было.

Мужчына ўпэўнены, што з такой праблемай эмігранты сутыкаюцца толькі ў сталіцы: тут замежнікі падаюць дакументы не ў раённых управах на месцы жыхарства, а ў адміністрацыі па вуліцы Kruczkowskiego, 2. У выніку там не спраўляюцца з плынню ахвотных.

– Мы прыехалі на запіс у чаргу ў чацвер [27 чэрвеня] а 22-й і былі пад нумарам 40. Першая пераклічка была апоўначы, другая – а трэцяй ночы, трэцяя – а шостай раніцы. Калі падчас трох пераклічак чалавека два разы не было, то яго выкрэслівалі. [Пасля трэцяй пераклічкі] адразу сталі ў чаргу. З 22.00 да 7.00 спіс пераваліў за 150 чалавек.

Паміж пераклічкамі Сяргей адпачываў у машыне. Але былі і тыя, хто быў без аўтамабіля, – ім даводзілася праводзіць ноч на нагах.

Месцы прадаюць за 750 злотых

Каб сачыць за выкананнем чаргі, чакальнікі рабілі фота спісу. Але не абышлося без тых, хто спрабаваў улезці без чаргі.

– Дзяўчына-ўкраінка з хлопцам прыйшлі да дзвярэй прыкладна ў 06.20 раніцы. Дзяўчына сказала, што яна будзе першая. Пачаўся скандал, яна абліла вакол сябе людзей ці то кефірам, ці то ёгуртам. Выклікала паліцыю сама. Спачатку паліцыя спрабавала вызначыць паводле справядлівасці, але потым пусціла на самацёк, прыстрашыўшы, што калі будуць штурханні ці бойкі, то будзе штрафаваць. Потым яшчэ два хлопцы паспрабавалі прарвацца без чаргі і паказвалі [у якасці доказу] сэлфі, [зробленыя] за некалькі дзён да таго.

Яшчэ адна прыкмета доўгіх чэргаў на адміністрацыйныя працэдуры – у чарзе адразу з'яўляюцца тыя, хто займае месцы, а потым перапрадае іх. З назіранняў Сяргея, такіх «памагатых» было ад трох да пяці. За свае паслугі яны бралі 750 злотых, але кожны прадаваў толькі адно месца.

Увогуле працэдура не прадугледжвае саступкі месца. Пры выдачы квітка супрацоўнік глядзіць, ці ёсць у чалавека падстава яго атрымаць – правярае дамову куплі-продажу аўтамабіля і дакумент пакупніка (пашпарт або ВНЖ). Аднак на талоне прозвішча не прастаўляецца, і гэта дае магчымасць пасярэднікам абыходзіць абмежаванні.

– Даволі напісаць левыя звесткі прадаўца і рэальныя свае – і тады талон выдадуць, бо сапраўднасць дамовы куплі-продажу праверыць немагчыма, – тлумачыць беларус. Пазней гэты талон прадаюць тым, хто мае рэальную дамову, але не заняў чаргу своечасова.

Дзве чаргі ў адной

У спіс запісваюцца і тыя, хто толькі падае дакументы, і тыя, хто ўжо прыйшоў забіраць гатовы dowód rejestracyjny. Але электронная чарга ў іх розная: літара J – для тых, хто падае дакументы, К – для тых, хто забірае. Сяргей гаворыць, што на падачу паспяваюць прыняць толькі 30 чалавек, забраць дакументы змаглі 49 чалавек.

У выніку Сяргей з яго 40-м нумарам у спісе трапіў на 28-е месца ў чарзе J. І ён да апошняга не быў упэўнены, што пройдзе: з 08.00 да 11.30 дакументы паспелі падаць усяго шэсць чалавек, працавала толькі адно акенца. Але перыядычна стала адкрывацца другое акно – гэта крыху паскарала працу.

У некаторых атрымлівалася прабрацца да акна, але яны сыходзілі ні з чым праз праблемы з дакументамі.

– Пані пачала адпраўляць на пераробку дакументаў за кожную дробязь. Напрыклад, у хлопца была неразборліва напісаная літара «і», і яна прапанавала перарабіць усю дамову, незалежна ад таго, дзе жыве прадавец. Такіх было пяць чалавек.

У выніку Сяргей падаў дакументы блізу 15.40. З улікам чакання ён аддаў амаль 18 гадзінаў.

Сезон адпачынкаў

На абурэнні заяўнікаў супрацоўнікі, паводле словаў Сяргея, адказвалі, што супрацоўнікаў не стае праз сезон адпачынкаў.

– Гэта проста здзек, – рэагуе на гэта беларус. – Яны ж узялі на сябе абавязальніцтва абслужыць такую колькасць людзей.

Праз 14 дзён Сяргею зноў трэба прайсці той жа квэст – на гэты раз, каб забраць дакументы.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках