Z-ваенкар пачаў пагражаць Крамлю паўторам мяцяжу
17- 29.06.2024, 11:20
- 10,666
За ўзор узяты паход Прыгожына на Маскву.
У шэрагах расейскіх акупантаў, якія ваююць супраць Украіны, нарастае гнеў на ўласныя ўлады.
Вайсковец УС РФ і папулярны Z-блогер Ягор Гузенка (Трынаццаты) публічна прыгразіў Маскве паўстаннем і мяцяжом.
Дзёрзкі відэазапіс ён апублікаваў на сваім канале ў Telegram увечары 28 чэрвеня, паведамляе Дыялог.UA.
Ён паскардзіўся, што ў Крамлі ніяк не адрэагавалі на скандал з нагоды «ямаў», дзе камандзіры УС РФ утрымліваюць сотні сваіх «салдатаў, якія правініліся».
«Датычна той гісторыі, дзе хлопцаў параненых утрымліваюць і робяць з іх “калеч палкі”... Сітуацыя пакуль ніяк не пахіснулася. Такія ўстановы як працавалі па ўсім “дэнээры”, так і працуюць. Як людзей гналі як жывёлу на фронт, так і гоняць. Гэтых бедных данецкіх і луганскіх мабілізаваных збіраюць і выпраўляюць проста на забой… Адлоўліваюць і прымушаюць ваяваць… А па тэлевізары пі**яць (хлусяць – рэд.), што гэта нейкія невядомыя кантрактнікі, якіх насамрэч няма. Сітуацыя падыходзіць да пункта кіпення... Мабілізацыя ў “Л/ДНР” пачалася значна раней, чым у Расеі. Я вам больш скажу, яна пачалася да “СВА”. І мабілізаваныя ў “Л/ДНР” – гэта самая неабароненая катэгорыя з усіх вайскоўцаў… Да людзей ставяцца як да расходнага матэрыялу!» – абураўся расейскі акупант.
Ён адкрыта пагражае Маскве мяцяжом вайскоўцаў, падобным да таго, які год таму ажыццявіў верхавод ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.
«Тое, што з намі цяпер вытвараюць, можа згуляць злы жарт… Пакуль мы, як Яўген Віктаравіч (Прыгожын – рэд.), не сходзім сям-там, справаў не будзе», – сказаў Трынаццаты.