«Коштам мяса!»: Беларуска знайшла ў менскім ProStore нечаканы тавар
19- 29.06.2024, 11:55
- 16,668
Відэа выклікала шквал каментароў.
Адна з актыўных карыстальніцаў TikToK падзялілася ў роліку сваім абурэннем: беларуска прыйшла ў сталічны ProStore, дзе ў аддзеле замарожанай рыбы і агародніны знайшла незвычайны тавар. Так, на цэтліку красуецца лік 13,89 рублёў, а крыху вышэй назва прадукцыі – «Лёд харчовы кубічны».
На роліку відаць, што 9 кавалачкаў замарожанай вады агульнай вагой 1,45 кілаграма прадаюць у сталіцы амаль за 14 рублёў (кошт за кіло – 9,58 рублёў). У складзе паказаны адзін-адзіны «інгрэдыент» – вада пітная ачышчаная замарожаная, а тэрмін прыдатнасці – 540 сутак. Пры ўмовах захоўвання -18°C, вядома ж.
«Я не чакала такое ўбачыць… Лёд коштам, блін, мяса! Можа, я, вядома, чагосьці не разумею. Напішыце ў каментарах, што вы пра гэта думаеце», – заклікала беларуска.
@murka_milliard #Минск #деньги #Беларусь #продукты #шоппинг #магазины ♬ оригинальный звук - Кристина
«У мяне ў маразілцы лёд не з коштам мяса, а з яго пахам. І яшчэ ноткі кропу ёсць», – не без гумару пракаментаваў адзін з беларусаў. Іншы дадаў:
«Гэта лёд айсберга, аб які пабіўся “Тытанік”».
«Але ўсё яшчэ можна набыць форму за 20 рублёў і марозіць самому…» – пакінуў пад ролікам простую ісціну яшчэ адзін з карыстальнікаў сацыяльнай сеткі. Тым часам іншыя падхапілі тэму:
«Ужо лядоўню вынайшлі, набудзьце, будзеце самі рабіць».
«Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе хуткасць замарозкі, і чым яна вышэйшая, тым менш бурбалак паветра ў лёдзе. Ну і якасць ачысткі вады, вядома. А так, вядома, маркетынг…» – падзяліўся меркаваннем яшчэ адзін падпісчык. Іншы дапоўніў ягоную версію:
«Любы замарожаны да -20°C лёд – аднолькава глыбокай замарозкі. Гэты адрозніваецца тым, што празрысты. Гэта крута, дома такі зрабіць складана, але цэтлік завышаны».
«Гэта капец, каментары гэтаму лёду столькі цудадзейных уласцівасцяў напрыдумвалі, што я ўжо задумваюся, ці не занадта танна яго прадаюць», – напісала пад ролікам адна з жанчынаў. Іншая дадала:
«Калі б не было попыту, яго не прадавалі б. Значыць, камусьці патрэбен, нават коштам мяса…»
«За 4 рублі – гэта для жабракоў. За 25 – гэта нармальны лёд», – не без іроніі адзначыў чарговы карыстальнік TikTok. Яго дапоўнілі:
«Сціпла вы, пане. Я плачу манахам з Тыбету, каб яны кожную раніцу збіралі кроплі ранішняй расы, а потым альпіністы на гары Эверэст замарожвалі яе і на гелікаптэры проста да мяне, у кактэйль».