У Расеі пастанавілі не аднаўляць згарэлы «Крокус Сіці Хол»
- 29.06.2024, 12:31
- 4,644
Канцэртнай залы там больш не будзе.
Згарэлую ў выніку нападу тэрарыстаў канцэртную залу «Крокус Сіці Хол» у Краснагорску аднаўляць не будуць, паведаміў губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў.
Паводле ягоных словаў, будаваць новую пляцоўку для выступаў замест знішчанай таксама не плануецца. «Канцэртнай залы там больш не будзе», – падкрэсліў ён.
Раней Вараб'ёў казаў, што на месцы «Крокус Сіці Хола» разаб'юць сквер або зімовы сад, які стане сімвалам памяці і смутку пра загінулых. Гэтая ідэя цяпер абмяркоўваецца з уласнікам. Канцэртная зала належыць уладальніку групы кампаній Crocus Group расейскаму мільярдэру Аразу Агалараву.
Таксама Вараб'ёў заяўляў, што канцэпцыя добраўпарадкавання для тэрыторыі «Крокуса» ужо падрыхтаваная, і не выключаў устаноўкі помніка на гэтым месцы. Ідэю стварэння паркавай зоны з мемарыялам падтрымалі 57% жыхароў Масквы і вобласці, 24% выступілі за аднаўленне канцэртнай залы, астатнія не змаглі адказаць, гаварылася ў выніках апытання, праведзенага SuperJob.
Губернатар адзначаў, што тэрміны рэалізацыі праекту пакуль не вызначаныя, але ўлады не хочуць «адкладаць гэта ў доўгую скрыню». У Crocus Group заявілі, што перад прыняццем канчатковай пастановы трэба дачакацца вынікаў экспертызаў будынка. Да іх заканчэння гаварыць пра якія-небудзь варыянты заўчасна, дадалі ў кампаніі.
Тэракт у «Крокусе» адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя баевікі ўварваліся ў комплекс перад канцэртам гурта «Пікнік» і адкрылі страляніну па людзях, пасля чаго падпалілі залу і бесперашкодна пакінулі будынак.