У Беларусі за адзін дзень зафіксаваныя дзесяць тэмпературных рэкордаў
6- 29.06.2024, 19:36
- 18,296
Найбольш спякотна было ў Вілейцы.
Дзесяць тэмпературных рэкордаў зафіксавана на беларускіх метэастанцыях днём 28 чэрвеня, сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета.
Найбольш спякотна было ў Вілейцы – 32,9 градуса вышэй за нуль. Ранейшы максімум складаў 32,4 градуса. Гэты і астатнія дзевяць экстрэмумаў пратрымаліся ўсяго два гады.
У Лідзе паветра прагрэлася да 32,8 градуса (было 31,1), у Лынтупах – да 32,5 (30,5), у Валожыне і Ваўкавыску – да 32,2 (30,2 і 31,7 адпаведна), у Гродне – да 31,9 (31,5), у Докшыцах – да 31,1 (31), у Ашмянах – да 30,9 (30,1), у Нарачы – да 30,7 (30,1), у Езярышчы – да 30,2 (29,7).
У Менску да паўтарэння рэкорду дня не хапіла 0,1 градуса (31,4 супраць 31,5 у 2022 годзе).
Абсалютны максімум дня – 34,3 градуса (28 чэрвеня 2022 года ў Лельчыцах).
Напярэдадні, 27 чэрвеня, абнавіўся лакальны рэкорд у Вілейцы (32,3 супраць 31 два гады таму). Пры гэтым у чаце тэлеграм-канала пра надвор'е @nadvorie карыстальнікі са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі адзначалі, што на мясцовай метэастанцыі побач з датчыкамі размешчаная заасфальтаваная пляцоўка, што можа ўплываць на паказнікі тэмпературы ў сонечнае надвор'е.
Паводле прагнозу Белгідрамета, спякотнае надвор'е на ўсёй тэрыторыі краіны захаваецца да 1 ліпеня, на паўднёвым усходзе – мінімум да 2 ліпеня.