З 1 ліпеня бальнічныя будуць аплачваць па-новаму
5- 29.06.2024, 15:16
- 7,528
Стала вядома, што зменіцца для розных катэгорый працаўнікоў.
Цягам усяго 2023 года беларусаў рыхтавалі да навінаў пра аплату бальнічных.
Змяненні павінны былі пачаць дзеянне з 1 студзеня. Так пастанавіў урад яшчэ напрыканцы 2022-га.
Аднак тэрміны зрушылі. Прычына – не гатовае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіла б перадаваць звесткі ад арганізацый і прадпрыемстваў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Таму абяцаныя змены ў разліку і росце саміх выплатаў перанесліся на 1 ліпеня 2024 года, піша tochka.by.
Мінімальны бальнічны вырасце
Для пачатку нагадаем, каму даецца мінімальны бальнічны. Адзін з самых частых выпадкаў – калі ўнёскі ў ФСАН выплачваліся менш чым паўгода да ўзнікнення права на дапамогу праз непрацаздольнасць. Такое здараецца, калі вы не працавалі больш за шэсць месяцаў, уладкаваліся на новае (ці першае) месца і захварэлі. Тады ўсё будзе лічыцца паводле мінімуму.
Як разлічваецца ён цяпер? На гэты момант такая выплата складае 50 адсоткаў ад бюджэту пражытачнага мінімуму – гэта Br209,4.
Як будзе ад 1 ліпеня 2024 года? Дапамога ў такім выпадку вырасце. Згодна з новай пастановай, бальнічны прывяжуць да мінімальнага заробку (якая рэгулярна індэксуецца). З 1 студзеня 2024 года ён складае Br626.
Гэта значыць мінімальны памер бальнічнага неўзабаве вырасце прыкладна ў тры разы.
Маленькі стаж – меншы бальнічны
Яшчэ адно новаўвядзенне закране тых, у каго працоўны стаж меншы за 10 гадоў.
Тыя супрацоўнікі, у якіх даўжыня выплаты ўнёскаў у бюджэт ФСАН меншая за 10 гадоў, будуць атрымліваць бальнічны памерам 80 адсоткаў ад страчанага заработку. Калі ў чалавека стаж большы за 10 гадоў, то выплаты захаваюцца ў аб'ёме 100 адсоткаў.
Як цяпер? Цяпер сістэма аднолькавая для ўсіх, незалежна ад стажу людзей. Так, калі чалавек правёў на бальнічным 12 дзён, то ён атрымае 80 адсоткаў ад свайго заработку. Калі ж хварэў даўжэй, то ўсё 100%.
Важны момант: новаўвядзенні не датычацца дапамог для догляду дзіцяці, цяжарнасці і родаў і шэрагу іншых выпадкаў. Налічэнні памерам поўнага страчанага заработку будуць ісці з першага дня непрацаздольнасці.
Бальнічны стане большым
Яшчэ адно новаўвядзенне ў цэлым станоўча адаб'ецца на памерах дапамог у часовай непрацаздольнасці – памяняецца сістэма разліку сярэднядзённага заработку. З 1 ліпеня 2024 года ў яе будуць уключацца ўсе разавыя выплаты, з якіх вылічаюцца ўнёскі ў бюджэт ФСАН, а не толькі прэміі і заробак.
Як цяпер? На гэты момант у разлік сярэднядзённага заробку, ад якога ў канчатковым выніку залежыць памер бальнічнага, не ўваходзяць асобныя выплаты – матдапамога, дапамога на аздараўленне ды іншыя налічэнні чалавеку, што не звязаныя з выкананнем ягоных працоўных абавязкаў.
Сярэдняе за 18 месяцаў
З ліпеня 2024 года будзе пашыраны разліковы перыяд для налічэння бальнічнага. Што гэта значыць?
На гэты момант дапамога ў часовай непрацаздольнасці вылічаецца паводле актуальнага месцы працы, а ў разліковы перыяд уваходзіць заробак за паўгода. Яго павялічваюць да 18 месяцаў (папярэднія кварталу, у якім наступіў выпадак часовай непрацаздольнасці).
Акрамя таго, у гэтыя 18 месяцаў будуць улічвацца заробкі супрацоўніка на ўсіх месцах, дзе выплачваліся ўнёскі, ва ўсіх працадаўцаў, у тым ліку ў былых.
Для тых, хто падзарабляе
Яшчэ адна навацыя – бальнічны будзе прызначацца толькі на асноўным месцы. Але з улікам заробку ва ўсіх працадаўцаў, у тым ліку ў былых.
Цяпер дапамога ў часовай непрацаздольнасці прызначаецца на кожным месцы. Людзі, якім даручылі абавязкі на ўмовах грамадзянска-прававых дамоваў (дамова падраду, аўтарская, на паслугі і г.д.) у юрыдычных асобаў, ІП, натарыусаў, па-ранейшаму будуць атрымліваць бальнічныя на месцы выканання працаў.
Важна: з ліпеня 2024 года пры ўмове падпрацовак спецыялісты будуць атрымліваць бальнічныя, калі яны не працуюць у гэты перыяд усюды.
Напрыклад, калі чалавек адчуў недамаганне і прынёс адпаведную даведку толькі на асноўную працу, а на іншай прадаўжаў выконваць абавязкі, то дапамогу ў непрацаздольнасці ён не атрымае.
Бальнічны павінен быць адлюстраваны на кожным месцы працы – як на асноўным, так і на сумяшчальніцтве.