«Паняцця не мела, што такое спякота, пакуль не прыехалі туды»
8- 29.06.2024, 15:29
- 18,082
Турысты скардзяцца на папулярнае ў беларусаў месца адпачынку.
Усё больш адпачывальнікаў пакутуюць, апынуўшыся ў краінах паўднёвай Еўропы падчас хвалі экстрэмальнай спякоты, якая накрыла рэгіён. Але такая сітуацыя складваецца не першы год – і гэта ўжо крыху пачало ўплываць на эканоміку краінаў, якія залежаць ад турызму, расказвае CNN.
Нараджэнка Тэхаса Мэры Бэт Уолш думала, што прывыкла да высокіх тэмператураў. У яе родным горадзе Даласе, у якім спякота ў гэтым сезоне не слабее, часта здараюцца хвалі гарачай тэмпературы. Але калі 21-гадовая амерыканка прыехала ў Афіны ў сярэдзіне гэтага чэрвеня, яна была ўзрушаная «невыноснай» спёкай 37℃, з якой ёй давялося сутыкнуцца.
– На самай справе я паняцця не мела, што такое спёка, пакуль мы не прыехалі туды, – паскардзілася Уолш CNN. – Я заўсёды жартавала, што ў мяне такая высокая гарачаўстойлівасць, што я нават у жніўні брала на заняткі талстоўку. [У Афінах] наша [з сябрамі] энэргічнасць была горшай, чым мы думалі. Было невыносна ісці пад прамымі промнямі сонца.
Акрамя таго, у кватэры, дзе амерыканцы спыніліся, не было кандыцыянера. А каб не заставацца дома і даследаваць горад, тэмпература таксама была занадта высокая.
Хваля спякоты, якая накрыла Еўропу, закранула не толькі Уолш, але і тысячы іншых турыстаў.
– Кліматычны крызіс, які, як мы асцерагаліся, адбудзецца праз 10 ці 15 гадоў, ужо тут. Гэта самае страшнае. Пяць гадоў таму я і мае сябры нават не сталі б гаварыць пра змену клімату, а цяпер гэта нават больш, чым тэма для размовы, – пракаментаваў 28-гадовы Ру Кларк. Ён родам з усходняй Англіі, але цяпер жыве са сваёй партнёркай на грэцкім востраве Скірас.
Улады Грэцыі ўжо неаднаразова папярэджвалі турыстаў, што не варта недаацэньваць моцную спякоту, асабліва ў сярэдзіне дня. Многія нядаўнія выпадкі смерці ў краіне адбыліся таму, што людзі скіраваліся ў паходы пад пякучым сонцам. Эксперты асабліва не рэкамендуюць рабіць гэта тым, хто прыязджае з паўночных краінаў (Канады, Скандынавіі) – такія турысты і турысткі проста не адаптаваныя да экстрэмальнай спякоты і больш схільныя да наступстваў.
Змяненні клімату сур'ёзна паўплываюць на некаторыя краіны, якія залежаць ад прыбыткаў адпачывальнікаў. У той самай Грэцыі, паводле звестак Сусветнай рады турызму і вандраванняў, ад грошай вандроўцаў залежыць блізу 20% усёй эканомікі краіны.
У Італіі турызм складае 10% эканомікі краіны, і кожнае восьмае працоўнае месца звязанае з гэтай індустрыяй. Тым часам у Рыме, Перуджы і Палерма нядаўна былі абвешчаныя папярэджанні пра спякоту трэцяга ўзроўню – самую небяспечную.
Паводле звестак Еўрапейскай турыстычнай камісіі (у яе ўваходзяць нацыянальныя турыстычныя асацыяцыі), пасля лясных пажараў на Радосе летась узровень занепакоенасці з нагоды змены клімату вырас на 7%. Звесткі збіраліся толькі пра адпачывальнікаў з Еўропы.
Сёлета гэта вылілася ў некаторае зніжэнне цікавасці да турыстычных месцаў на поўдні Міжземнамор'я. А вось больш прахалодныя кірункі – напрыклад, Чэхія, Балгарыя і Данія, – сталі больш прывабнымі.
– Людзі ўсё больш думаюць пра экстрэмальныя з'явы надвор'я і іх патэнцыйны ўплыў на іх адпачынак, – расказаў CNN Эдуарда Сантандэр, кіраўнік Еўрапейскай турыстычнай камісіі. – Але іх асцярогі недаўгавечныя. Падарожнікі занепакоеныя з надыходам лета, але схільныя забываць пра небяспеку вясной, пры браняванні наступнага адпачынку.
Сантандэр таксама дадаў, што ўсё ж не выключае: у будучыні змены клімату могуць прывесці да таго, што ўсё больш людзей будуць наведваць паўднёвую Еўропу вясной і позняй восенню, а не ў самыя спякотныя летнія месяцы. Зрэшты, такі варыянт не падыходзіць для ўсіх: напрыклад, бацькі часта залежаць ад школьных канікулаў і не могуць спланаваць адпачынак у іншы, акрамя летняга, час.