Выведка ЗША: Пуцін хоча ўзброіць хусітаў крылатымі ракетамі
12- 29.06.2024, 16:33
- 9,762
Кіраўнік Крамля звязаўся з наследным прынцам Савудаўскай Арабіі.
Пуцін папрасіў у Савудаўскай Арабіі дазволу на перадачу крылатых ракет еменскім хусітам, паведаміў Middle East Eye высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік са спасылкай на звесткі разведкі ЗША, піша The Moscow Times.
З ягоных слоў, для гэтага Пуцін звязаўся з наследным прынцам Савудаўскай Арабіі Мухамедам ібн Салманам, аднак той выступіў супраць узбраення хусітаў і папрасіў Расею не ўкладаць такую ўгоду. Перамовы адбыліся пасля снежаньскага візіту Пуціна ў Савудаўскую Арабію і ААЭ. Затым дэлегацыя еменскага руху «Ансар Алах» прыязджала ў Маскву на сустрэчу са спецпрадстаўніком прэзідэнта па Блізкім Усходзе і краінах Афрыкі, намеснікам кіраўніка МЗС Міхаілам Багданавым.
Экспэрт у ракетах з Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў Фабіян Хінц уважае, што хусіты разлічвалі атрымаць ад Расеі супрацькарабельную ракету Х-31 класа «паветра – паверхня», якая можа быць пераабсталявана для запуску з зямлі. З лістапада мінулага года еменскія паўстанцы атакуюць камерцыйныя судны ў Чырвоным моры ў адказ на вайну Ізраілю ў сектары Газа, якая пачалася пасля нападу баевікоў ХАМАС на габрэйскую дзяржаву 7 кастрычніка.
Пры гэтым у ЗША асцерагаюцца, што, калі Ізраіль пачне наступленне на падкантрольную Ірану шыіцкую групоўку «Хезбала» у Ліване, гэта можа падштурхнуць Расею да аднаўлення ўгодаў з хусітамі. «Расейцы маглі б таемна забяспечваць іх праз іранцаў або даваць ім больш разведвальнай інфармацыі», – заявіў былы амбасадар ЗША ў Катары Патрык Тэрас.
Пуцін зацікаўлены ва ўзбраенні хусітаў у сувязі з вайной ва Украіне, якая працягваецца, адзначае адстаўны амерыканскі генерал Фрэнк Макензі, які ўзначальваў Цэнтральнае камандаванне ЗША ў 2019-2022 гадах. «Пуцін уважае ЗША адказнымі за ўдары Украіны па расейскіх судах у Чорным моры. Не выключана, што ён можа разглядаць дапамогу хусітам як помсту Вашынгтону», – растлумачыў ён. Таксама амерыканскія ўлады перадалі УСУ канфіскаваную ў еменскіх паўстанцаў стралковую зброю, гранатамёты і боепрыпасы.