28 чэрвеня 2024, Пятніца, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«З гэтымі хмарачосамі ад нашага горада нічога не застанецца»

23
«З гэтымі хмарачосамі ад нашага горада нічога не застанецца»

Гарадзенцы не ў захапленні ад ідэі пабудаваць квартал з гмахамі.

У Гародні выставілі на аўкцыён права праектавання і будаўніцтва шматкватэрнай жылой забудовы на зямельным пляцы 10 гектараў. Згодна з планам, на пустцы павінен з'явіцца квартал з дамамі вышынёй да 20 паверхаў. Рэакцыя гарадзенцаў у сацыяльных сетках сведчыць аб тым, што далёка не ўсе гараджане падтрымліваюць такую ідэю, піша nashaniva.com.

Гандлёвы цэнтр пад носам, а гістарычны ў крокавай даступнасці

Новы квартал павінен з'явіцца на вуліцы Дубко, насупраць гандлёвага цэнтра OldCity.

На 21 чэрвеня прызначаны аўкцыён для продажу права праектавання і будаўніцтва шматкватэрнай жылой забудовы. Стартавы кошт - 908 тысяч рублёў (каля 284 тысяч даляраў).

Акрамя пусткі, на пляцы знаходзяцца капітальныя будынкі, у тым ліку жылыя. Падмуркі былых будынкаў, зялёныя насаджэнні розных парод, падземныя інжынерныя камунікацыі - усё гэта пойдзе пад руйнаванне.

Выдаткі на падрыхтоўку зямлі да будаўніцтва ацанілі на 7,5 мільёна рублёў (блізу 2,4 мільёна даляраў), што ў восем разоў больш за пачатковы кошт аб'екта.

Мяркуючы з рэакцый у сацыяльных сетках, многія гараджане незадаволены тым, што на месцы пусткі, гаражоў, старых дамоў і зялёных насаджэнняў з'явіцца менавіта жылы квартал са шматпавярховікамі.

Самы ўпадабаны каментар пад допісам у інстаграм-старонцы адной з гарадскіх суполак гучыць так:

«З гэтымі хмарачосамі ад нашага прыгожага горада нічога не застанецца, быў прыгожы і зялёны, а зараз не зразумей што», - піша карыстальніца, чый каментар набраў 31 падабайку і стаў самым папулярным пад абмеркаваннем навіны.

«Які жах, мяркуючы з другога фота… Тры вялізныя даміны сапсуюць увесь від цэнтра горада з яго нізенькімі прыгожымі гістарычнымі дамкамі. Навошта такія вялізныя [дамы] у цэнтры? Горад асацыюецца з невысокімі гістарычнымі пабудовамі, а тут раптам гэтыя тры даміны будуць тырчаць», - выказваюць незадаволенасць карыстальнікі.

«Нічога новага, каменныя джунглі», – піша яшчэ адзін карыстальнік.

«Горад страціць сваё аблічча», - адзначаюць іншыя.

Таксама людзей абурае, што ў раёне стане яшчэ менш дрэў.

Адзін з каментатараў дзеліцца сваёй гісторыяй, як палюбіў горад, калі ў 1990-я пераехаў туды з сям'ёй.

«Я проста закахаўся ў гэты горад, ён тануў у зеляніне, транспарту было няшмат, я адчуваў кавалачак заходняй культуры. Цяпер горад страчвае свае пазіцыі і становіцца звычайным горадам, як сотні іншых».

Каментатар таксама зазначае, што горад трэба не толькі ўшчыльняць забудовай жылых будынкаў, але і ствараць зоны для адпачынку.

Яшчэ адна каментатарка заўважае, што можна будаваць і ў горадзе на пустках. Але, на ейнае меркаванне, рабіць гэта трэба так, каб не псаваць агульную архітэктуру.

«Наш горад славіцца тым, што захаваліся старыя вулачкі, і таму да нас едуць турысты, гэтым мы і прыгожыя, развівацца трэба ў гэтым кірунку».

Іншы каментатар мяркуе, што гораду трэба развіваць прадмесці і інфраструктуру там, а не ўшчыльняць блізкія да цэнтру раёны.

«У горадзе [павінна быць] больш паркаў, а калі і будаваць, то невысокія дамкі, а не гэты калгас».

Планы ўшчыльніць раён, які знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад гістарычнага цэнтра, не ацанілі і чытачы папулярнага ў Гародні гарадскога сайта s13.ru. Самая масавая рэакцыя на навіну - абураная ўсмешка.

Пра тое, што 370-тысячнаму гораду не патрэбны 20-павярховыя будынкі, нядаўна выказваўся гарадзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон. Нагадаем, што зімой у Гародні актыўна абмяркоўвалі тэму ўзвядзення шматпавярховых будынкаў на фоне Каложы. З гэтай нагоды нават была створаная петыцыя з просьбай абмежаваць вышыню будынкаў у новым мікрараёне шасцю паверхамі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках