31 лiпеня 2024, Серада, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO працягне дапамагаць Украіне, калі нават прэзідэнтам ЗША стане Трамп

6
NATO працягне дапамагаць Украіне, калі нават прэзідэнтам ЗША стане Трамп

Кіеў атрымае дапамогу $40 мільярдаў.

На саміце NATO ў Вашынгтоне была прынятая пастанова аб наданні Украіне цягам года вайсковай дапамогі на суму 40 млрд еўраў. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін - чальцоў Паўночнаатлантычнага альянсу, апублікаванай у сераду, 10 ліпеня, паведамляе «Нямецкая хваля».

Указваецца, што ў гэтай суме будуць улічаныя сродкі, выдзеленыя з 1 студзеня 2024 года. Нямеччына сёлета ўжо ўзяла на сябе абавязацельствы даць Кіеву вайсковую дапамогу на 8 млрд еўраў.

Каардынаванне дапамогі Украіне з Вісбадэна

Як паведаміў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, на саміце быў таксама ўзгоднены план, які дазваляе гарантаваць наданне Украіне дапамогі нават у выпадку перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў лістападзе гэтага года.

У рамках гэтага плана пастаўкі NATO ўзбраенняў Украіне, а таксама навучанне ўкраінскіх жаўнераў у Еўропе надалей будуць каардынаваць праз штаб-кватэру альянсу ў нямецкім Вісбадэне з удзелам 700 супрацоўнікаў, у тым ліку - 40 нямецкіх.

«Мэта палягае ў тым, каб перавесці падтрымку Украіны ў сферы бяспекі на сталую аснову і, такім чынам, забяспечыць палепшаную, прадказальную і ўзгодненую падтрымку», - гаворыцца ў заяве краін NATO. Адзначаецца, што задачай новай штаб-кватэры пад назвай NSATU (Nato Security Assistance and Training for Ukraine) будзе таксама дапамога Украіне ў яе далейшым збліжэнні з Паўночнаатлантычным альянсам.

«З пункту гледжання міжнароднага права NSATU не зробіць з NATO ўдзельніцу канфлікту (вайны Расеі супраць Украіны. - Рэд.)», - гаворыцца ў заяве хаўруснікаў. Тым часам прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан адмовіўся ад удзелу вугорскіх сіл у працы штаб-кватэры праз асцярогу перад канфрантацыі з Расеяй.

Дагэтуль за каардынаванне дапамогі Украіне адказвалі ЗША. Для гэтага ў штаб-кватэры камандавання УС ЗША ў канцы 2022 года было сфармаванае падраздзяленне з 300 вайскоўцаў пад назвай «Група падтрымкі Украіны ў сферы бяспекі» (Security Assistance Group-Ukraine, SAG-U).

Знішчальнікі F-16 і сістэмы СПА Patriot для Украіны

Як абвясцілі Данія і Нідэрланды, ужо гэтым летам Украіна атрымае «гатовыя да выкарыстання знішчальнікі F-16». Кааліцыя па забеспячэнні Кіева баявымі самалётамі была сфармаваная год таму, аднак іх пастаўкі дагэтуль затрымліваліся.

У сваю чаргу ЗША пацвердзілі гатоўнасць паставіць Украіне яшчэ адну сістэму СПА Patriot. Такім чынам, Кіеў атрымае ад NATO агулам пяць такіх сістэм - на дзве менш, чым запытваў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

Указваецца, што сёлета 23 з 32 краін NATO выдзеляць на абарону не менш як два адсоткі свайго ВУП. Нямеччына, як заявіў у Вашынгтоне канцлер краіны Олаф Шольц, указаўшы на дасягнутае кіроўнымі партыямі ФРГ пагадненне па федэральным бюджэце, будзе «стабільна» выконваць адпаведнае патрабаванне альянсу. Сёлета, паводле ацэнак, вайсковыя выдаткі ФРГ складуць 2,1% ВУП.

Адсутнасць запрашэння Украіне да сяброўства ў NATO

Запрашэння да ўступлення ў NATO, аднак, на саміце Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вашынгтоне не было. «Галоўная прычына - асцярогі ЗША і Нямеччыны перад канфрантацыяй з Расеяй», - піша агенцтва AFP. Між тым, як вынікае з заявы хаўруснікаў, яны мяркуюць, што Украіна знаходзіцца «на незваротным шляху да поўнай еўра-атлантычнай інтэграцыі, у тым ліку чаленства ў NATO».

Палітыка NATO ў дачыненні да Кітая

Як паведамляецца, чальцы Паўночнаатлантычнага альянсу дамовіліся ўзмацніць жорсткасць рыторыкі ў дачыненні да Кітая. У супольнай заяве хаўруснікаў КНР называюць, дарэчы, «памагатым, які грае ключавую ролю» Расеі ў вайне супраць Украіны.

У апошні час заходнія краіны не раз выказвалі меркаванне, што Кітай пастаўляе Расеі тавары падвойнага прызначэння, дзякуючы якім Маскве ўдаецца падтрымліваць баяздольнасць войска.

Размяшчэнне ў Нямеччыне дальнабойных ракет

Як вынікае з заявы краін НАТА, у Нямеччыне з 2026 года будуць часова размешчаныя крылатыя ракеты Tomahawk і іншыя дальнабойныя ўзбраенні. Зенітныя ракеты SM-6 і новыя ўзоры гіпергукавой зброі, «якія маюць значна большую далёкасць, чым цяперашнія сістэмы наземнага базавання ў Еўропе», таксама згадваюцца ў дакуменце.

У Нямеччыне сістэмы ўзбраенняў, здольныя дасягаць тэрыторыі Расеі, будуць ізноў размешчаныя ўпершыню з часоў халоднай вайны, падкрэслівае агенцтва dpa. Дзе канкрэтна яны будуць размешчаныя, не ўдакладняецца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках