31 лiпеня 2024, Серада, 3:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай будуе ў Таджыкістане сакрэтную вайсковую базу

Кітай будуе ў Таджыкістане сакрэтную вайсковую базу

Сакрэтная вайсковая база знаходзіцца на месцы былой савецкай заставы.

Хаця Уладзімір Пуцін разглядае краіны блізкага замежжа як уваходныя ў арбіту расейскага ўплыву, распачатая ім вайна ва Украіне аслабіла сувязі з былымі рэспублікамі СССР. У Цэнтральнай Азіі актыўна ўмацоўваецца Кітай - і нават будуе там вайсковую базу.

Сакрэтная вайсковая база ў Таджыкістане знаходзіцца на месцы былой савецкай заставы. Хаця афіцыйна пра яе ніколі не паведамлялася, спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што будаўніцтва вядзецца ўжо не адзін год, піша брытанская The Telegraph.

У 2016 г. Таджыкістан і Кітай падпісалі пагадненне аб бяспецы. Узброеныя сілы дзвюх краін з таго часу сталі рэгулярна праводзіць супольныя вучэнні. Пасля таго, як у 2021 г. рух «Талібан» захапіў уладу ў Афганістане, у Душанбэ асабліва моцна заклапаціліся сітуацыяй на амаль 1300-кіламетровай мяжы з гэтай краінай.

Кітайская база размяшчаецца ў гарах, мае наглядальныя вышкі, да яе пракладваюцца пад'язныя шляхі, вынікае са спадарожнікавых здымкаў. На ёй раскватараваны і кітайскія, і таджыкістанскія вайскоўцы.

4 ліпеня старшыня КНР Сі Цзіньпін наведаў Таджыкістан ужо з трэцім дзяржаўным візітам; ён адправіўся ў Душанбэ пасля сустрэчы ў Астане кіраўнікоў дзяржаў - чальцоў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Праз паслабленне сувязяў з Расеяй «складаецца вакуум, і гэты вакуум запаўняе Кітай», кажа палітолаг Парвіз Малаёнаў, в. а. дырэктара ў Таджыкістане міжнароднай НКА International Alert, якая займаецца міратворчасцю:

«З таго часу, як пагоршылася сітуацыя ў Афганістане, Кітай выкарыстаў занепакоенасць таджыкскага ўрада, каб увайсці ў сектар бяспекі».

У рамках больш маштабных планаў стварыць "перадавую лінію абароны" Кітай таксама забяспечвае Таджыкістан боепрыпасамі і вайсковымі тэхналогіямі. Акрамя таго, ён стаў галоўным фундатарам у невайсковай сферы. Падчас візіту Сі ўдзельнічаў у адкрыцці комплексу дзяржаўных будынкаў, у тым ліку прэзідэнцкі палац і будынак парламента, якія былі пабудаваныя на кітайскія грошы. Праект каштаваў амаль $400 млн, з падлікаў AidData, даследчай лабараторыі амерыканскага ўніверсітэта Каледж Уільяма і Мэры, якая займаецца зборам такой інфармацыі.

Дзель Кітая ў замежнай запазычанасці Таджыкістана складае блізу 40 адсоткаў, а раней нават перавышала 60 адсоткаў. Краіна патрапіла ў моцную эканамічную залежнасць ад Кітая, і многія ў Таджыкістане сталі казаць аб тым, што «раней ці пазней гэта абернецца залежнасцю ў палітыцы і сферы бяспекі», адзначае Малаёнаў: «Паколькі ў кожны момант кітайскі ўрад можа заявіць, што шмат уклаў у рэгіён і ў яго ёсць права на абарону гэтых інвестыцый».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках