8 жнiўня 2024, Чацвер, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваенны эксперт: Ёсць «срэбная куля» для знішчэння расейскіх самалётаў пачкамі

10
Ваенны эксперт: Ёсць «срэбная куля» для знішчэння расейскіх самалётаў пачкамі

На атаках па Украіне з неба можна паставіць кропку.

Шматлікія атакі краіны-агрэсаркі Расеі з ужываннем авіяцыі сведчаць, што на сёння вораг пануе ў небе. Паводле інфармацыі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, у Расеі ёсць 300 баявых самалётаў. Каб мець магчымасць даваць адпор гэтай армадзе, УСУ маюць патрэбу не менш чым у 128 знішчальніках F-16.

Зрэшты, не варта забывацца, што вельмі эфектыўным сродкам знішчэння варожай авіяцыі з'яўляюцца ракеты, сярод іншых Patriot, якія выклікалі немалы пярэпалах у табары ворага. Менавіта дзякуючы комплексу Patriot Сілам абароны не раз удавалася знішчаць расейскія самалёты пачкамі. Але па-сапраўднаму срэбнай куляй, якая магла б карэнным чынам змяніць сітуацыю ва ўкраінскім небе, былі б ракеты Tomahawk. 100-200 такіх ракетаў маглі б развязаць праблему.

Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA выказаў судырэктар праграмаў знешняй палітыкі, каардынатар міжнародных праектаў Цэнтра Разумкова, ваенны эксперт Аляксей Мельнік.

– Падчас саміту NATO ў Вашынгтоне міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявіў, што ўжо гэтым летам Украіна зможа выкарыстоўваць знішчальнікі F-16. Ці можам мы спадзявацца, што колькасць гэтых знішчальнікаў будзе дастатковай для таго, каб істотна паўплываць на сітуацыю на полі бою?

– Адказ відавочны. Тая колькасць самалётаў, якая паступіць ва Украіну, абмяжоўваецца не толькі бартамі, але таксама экіпажамі, лётчыкамі, якія могуць іх выкарыстоўваць для баявога ўжывання. Такім чынам, тут ёсць сама менш два абмежавальныя чыннікі.

Акрамя таго, цяжка меркаваць, наколькі добра падрыхтаваная інфраструктура для таго, каб гэтыя самалёты маглі не проста рабіць узлёт-пасадку, але былі таксама абароненыя ад расейскіх удараў. Напрыклад ад такога, што мы бачылі ў апошнія тыдні, – актывізацыі ўдараў Расеі, і не безвыніковых, па ўкраінскіх аэрадромах. Відавочна, гэта частка падрыхтоўкі расейскага боку да сустрэчы з F-16 ва ўкраінскім небе ці на ўкраінскай зямлі.

Падагульняючы: колькасць гэтых самалётаў абмежаваная. Якога-небудзь радыкальнага ўплыву на сітуацыю яны не змогуць зрабіць. Але важна, каб першыя выпадкі іх выкарыстання былі паспяховымі, каб унікнуць страты самалётаў як у паветры, так і на зямлі. Таму што, акрамя ваеннага значэння, гэта мае яшчэ і псіхалагічнае значэнне. У выпадку калі нашы экіпажы на гэтых самалётах прадэманструюць нейкую новую якасць, якую да гэтага не бачылі з выкарыстаннем МіГаў ці Су, думаю, гэта будзе мець вялікі псіхалагічны ўплыў на расейскі бок.

– У дачыненні да колькасці F-16 прэзідэнт Зяленскі зрабіў тэматычную заяву. Ён прывёў звесткі, што цяпер вораг мае 300 самалётаў. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, Украіне недастаткова 10–20 ці нават 50 F-16. Іх трэба 128, гэта значыць фактычна менш за палову таго, што мае вораг. Чаму менавіта такі лік? Адкуль ён узяўся? І што сапраўды змаглі б зрабіць 128 знішчальнікаў F16?

– Я мяркую, што гэты лік Вярхоўны галоўны камандзір не ўзяў проста са столі. Відавочна, гэта разлікі, якія яму падалі вайскоўцы. Чаму менавіта 128? Гэта дзеліцца на адпаведныя баявыя падраздзяленні і часткі. Значыць, гэта не абавязкова павінен быць круглы лік.

Пры любых планах, разліках пад аперацыі або баявыя магчымасці бярэцца да ўвагі цэлы шэраг чыннікаў, у тым ліку наяўнасць экіпажаў для тых самалётаў, здольнасць аэрадромнай сеткі Украіны гарантаваць мінімальную бяспеку для эксплуатацыі.

А тое, што ў Расеі ўсё роўна застаецца ўдвая больш самалётаў, чым ва Украіне, – гэта ўвогуле спрабаваць дасягнуць парытэту з ворагам, які нашмат магутнейшы, значыць, перанапружваць уласныя сілы. Тэарэтычна можна знайсці 300 самалётаў, але далей узнікае пералік пытанняў, пра якія я назваў. Элементарна гэта падрыхтоўка лётчыкаў, а калі гаварыць у цэлым, то гэта здольнасць украінскіх Сілаў абароны абсарбаваць такую колькасць самалётаў.

– У сетку патрапіў радыёабмен паміж расейскімі Су-34 і А-50 падчас пуску па адным з іх трох ракетаў Patriot. Такім чынам, мы бачым, што Patriot выконваюць вельмі важную ролю ў знішчэнні варожай авіяцыі. Ці з'яўляецца гэта панацэяй ці прынамсі добрай магчымасцю істотна знізіць пагрозу з неба?

– Хтосьці называе гэта панацэяй, хтосьці Wunderwaffen, хтосьці «срэбнай куляй», але калі гаварыць пра нейкі адзін кампанент, які мог бы карэнным чынам змяніць сітуацыю з панаваннем у небе і кардынальна развязаць праблему расейскіх удараў па ўкраінскіх вайсковых і цывільных аб'ектам, то гэта маглі б быць, напрыклад, ракеты Tomahawk.

Сотня-другая «Тамагаўкаў», нават калі падзяліць іх на 2-3 залпы, – гэта было б кардынальным развязаннем праблемы з гэтымі самалётамі, якія скідаюць бомбы. Але пакуль няма ніякіх намёкаў на тое, што Украіна можа атрымаць такія ракеты ад партнёраў – нешта накшталт расейскіх крылатых або балістычных ракетаў – ці што яна здольная нарасціць сваю вытворчасць у такіх маштабах.

Усё астатняе? Так, Patriot выдатная сістэма. Яны могуць абараняць буйныя гарады, крытычныя аб'екты ад удараў з паветра няхай не са стаадсоткавай, але з дастаткова высокай эфектыўнасцю. Patriot можна выкарыстоўваць з засадаў, як гэта ўжо было прадэманстравана некалькі разоў. Сярод іншага, калі адразу было збіта пяць бартоў над тэрыторыяй Бранскай вобласці ці гісторыя з А-50, калі ў якасці адной з версій удару таксама разглядалі Patriot.

Але тут пытанне ў колькасці. Калі ва Украіны будзе даволі сістэмаў для таго, каб праводзіць падобныя аперацыі ўладкавання супрацьпаветранай пасткі ў непасрэднай блізкасці ад лініі сутыкнення і адначасова не змяншаць узровень абароненасці іншых аб'ектаў, гэта дазволіць рабіць гэта адначасова.

Часта гаворка ідзе пра сістэмы СПА, якія на слыху, – Patriot, SAMP/T і г.д. Але чым больш сістэмаў СПА, і розных, у нас ёсць, тым лепш. Таму што той самы Patriot неабходна прыкрыць ад тых жа Шахедаў , каб ён не марнаваў ракеты на збіванне малахуткасных, малапамерных цэляў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках