Разгул стыхіі: Беларусь другі дзень запар накрывае ўраганамі
4- 14.07.2024, 20:57
- 19,506
Зляталі дахі з дамоў, парушаны графік руху цягнікоў.
Поўдзень Беларусі 14 ліпеня накрыла непагадзь - у Гомельскай і Берасцейскіх абласцях, а таксама месцамі ў Магілёўскай прайшлі дажджы з градам і шквалістым ветрам, піша zerkalo.io. Мясцовыя жыхары дзеляцца кадрамі разгулу стыхіі, якая прывяла нават да збояў у графіку руху цягнікоў.
На тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера імя Марата Казея пад Рэчыцай прыкладна ў 17.20 праз вецер раптам упала некалькі дрэў, у гэты час на канцэртнай пляцоўцы праходзіла забаўляльнае мерапрыемства для дзяцей. Калі пачалася бура, хлопцы кінуліся ў жылыя карпусы.
Паводле папярэдніх звестак, пры падзенні дрэў і абламаных галін пацярпела сем дзяцей. 13-гадовы хлопчык загінуў ад траўм. Розныя траўмы атрымалі яшчэ шэсць дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў.
У Асіповічах Магілёўскай вобласці вецер сарваў дахі з аўтобуснага прыпынку і нават з прыватнага дома, паваліў мноства дрэў, паведамляе тэлеграм-канал «Асіповічы Інфа».
У Гомелі праз навальніцу з градам спрацоўвала сігналізацыя на аўто, а вецер быў такой сілы, што зрываў нават краткі, - відэа публікуюць «Моцныя навіны».
У Мазыры ў розных раёнах моцным ветрам павалены дрэвы, перакуленыя смеццевыя кантэйнеры, зламаныя рэкламныя банеры, абарваны электрычныя сеткі. Месцамі знікла святло, аварыйныя брыгады працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння, піша тэлеграм-канал «Мазыршчына афіцыйна».
У адной з мясцовых суполак пішуць, што шмат у якіх раёнах горада таксама знікла вада.
На захад, у Берасцейскай вобласці, таксама прайшоў буйны град. Вось так гэта выглядала ў Лунінцы.
Непагадзь прывяла да таго, што на некалькіх адцінках Беларускай чыгункі дрэвы ўпалі на чыгуначныя рэйкі і лініі электраперадач, у выніку графік руху цягнікоў парушыўся. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале БЧ.
Вядома, што падзенне дрэў адбылося на адцінках Калінкавічы - Жлобін, Калінкавічы - Жыткавічы, Калінкавічы - Славечна, Жлобін - Гомель. Цягнікі на гэтых кірунках накіроўваюцца з адхіленнем ад графіка ад адной да трох гадзін.
БЧ прымае аператыўныя меры для ліквідацыі наступстваў стыхіі і нармалізацыі графіка. Пасажыраў просяць з разуменнем паставіцца да сітуацыі і ўлічваць акалічнасці пры планаванні паездак. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць праз тэлефон 105 кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі.