16 лiпеня 2024, aўторак, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэнтрабанк РФ засакрэціў апошнія даступныя звесткі пра гандаль далярам і еўрам

5
Цэнтрабанк РФ засакрэціў апошнія даступныя звесткі пра гандаль далярам і еўрам

Рэгулятар тлумачыць гэта «абмежаваннем санкцыйнага ўплыву».

Цэнтрабанк абвясціў, што прыпыняе публікацыю статыстыкі пазабіржавога валютнага рынку. Апублікаваныя раней звесткі выдаленыя з ягонага сайта. Рэгулятар тлумачыць гэта «абмежаваннем санкцыйнага ўплыву».

Да гэтага ён штодня публікаваў інфармацыю пра зварот гандлю далярам, еўрам і юанем з разлікамі «заўтра» – агульнага і міжбанкаўскага. Іх афіцыйныя курсы будуць разлічвацца як раней: юань – паводле вынікаў біржавога гандлю, даляр і еўра – на аснове ўгодаў на пазабіржавым рынку, пра якія банкі прадоўжаць даваць справаздачу перад ЦБ.

Значная частка ўгодаў на пазабіржавым рынку адносіцца да транспамежных, гэта значыць заключаецца паміж рэзідэнтам і нерэзідэнтам, адзначаў ЦБ, але гэтыя звесткі ён асобна не паказваў. Таму апеляцыя да санкцыйных рызык здзівіла экспертаў.

«Мне складана прыдумаць, – адказаў эканаміст расейскага банка на пытанне, якія рызыкі мог такім чынам купіраваць ЦБ. – Любыя агрэгаваныя звесткі здымаюць пытанні да асобных банкаў». Ён мяркуе, што статыстыка была закрытая «ў запас» і параўноўвае сітуацыю са спыненнем публікацыі звестак пра знешні гандаль пасля пачатку вайны: «Потым паглядзелі – нічога страшнага, і зноў сталі публікаваць лічбы і пра экспарт, і пра імпарт». Гэтымі звесткамі карысталіся нячаста і нямногія, дзівіцца суразмоўца The Moscow Times: «Не напісалі б у [тэлеграм-]канале ЦБ – і не заўважылі б». Кіраўнік фірмы «Эксперт РА» Антон Табах назваў матывацыю ЦБ «даволі зразумелай і празрыстай», але якую ўразлівасць закрыў ЦБ разам з звесткамі, не ўказаў.

Наўрад ці ўтойванне інфармацыі істотна паўплывае на рынак, заявіў ён Frank Media: буйныя гульцы і так будуць у курсе таго, што адбываецца. А вось «шырокая публіка, журналісты і аналітыкі будуць інфармавацца з затрымкай і/ці радзей чым штодня», прадаўжае ён, дадаючы, што новыя абмежаванні «празрыстасці не будуць, вядома, спрыяць».

Менавіта праз непразрыстасць некаторыя ўдзельнікі рынку сумняваліся ў адэкватнасці разлічанага паводле новай методыкі, на аснове ўгодаў на пазабіржавым рынку, курсу рубля. На біржы можна назіраць за ходам гандлю ў рэжыме рэальнага часу, а цяпер ЦБ у 15:30 абвяшчае курс. Старшыня ЦБ Эльвіра Набіуліна прызнавала праблему, абяцаючы неўзабаве раскрыць падрабязную метадалогію разліку афіцыйнага курсу: «Мы валодаем усёй паўнатой звестак у штодзённым рэжыме аб пазабіржавых аперацыях. Мы разумеем заклапочанасць рынку з нагоды празрыстасці курсу. <…> На наш погляд, наш спосаб [разліку афіцыйнага курсу] адлюстроўвае эканамічны кошт рубля». Пакуль жа ЦБ зрабіў рынак абсалютна непразрыстым.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках