17 лiпеня 2024, Серада, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абед для Лукашэнкі

10
Абед для Лукашэнкі

Відаць, гэта ўсё, што сёння Венесуэла можа прапанаваць Беларусі.

На гэтым тыдні Раман Галоўчанка аблятае краіны «далёкай дугі». Візіт у Венесуэлу ўжо адбыўся, на чарзе - Куба і Нікарагуа, піша «Салiдарнасць».

Крыху дзіўна, што ў гэтыя краіны Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі для перамоў на вышэйшым узроўні не паляцеў сам Аляксандр Лукашэнка. Магчыма, здароўе больш не дазваляе здзяйсняць такія доўгія пералёты.

У Каракасе Галоўчанка спрабаваў выпраменьваць аптымізм: "Беларусь і Венесуэла абавязкова рэалізуюць не толькі ўсе ранейшыя дамоўленасці, але і выйдуць на новыя". Але верыць ва ўвасабленне гэтых слоў у жыццё не даводзіцца.

Пасля смерці Уга Чавеса супрацоўніцтва Венесуэлы з Беларуссю даволі хутка сышло на нішто. Ужо дзесяць гадоў як прадстаўнікі ўладаў дзвюх краін пераліваюць з пустога ў парожняе, расказваючы аб перазапуску стасункаў у самы бліжэйшы час.

Напрыклад, у 2017-м Лукашэнка сказаў: Беларусь і Венесуэла маюць намер у бліжэйшыя два гады значна нарасціць супрацоўніцтва. У 2023-м ён заявіў, што неабходна падвергнуць рэвізіі розныя кірункі супрацоўніцтва і выпрацаваць дарожную карту на перспектыву.

Але вось Галоўчанка прыляцеў у Каракас і высветлілася, што і на гэты раз перамовы не змяшчаюць ніякай канкрэтыкі. Даверу да аптымістычных заяў прэм'ер-міністра няма таксама з-за цэлага шэрагу гнятлівых лічбаў.

Пачнём з узаемнага тавараабарачэння: у 2021-м ён склаў няшчасныя два мільёны даляраў. Аб цяперашнім узроўні гандлю бакі ўвогуле маўчаць. Як і маўчаць аб даўгах адзін перад адным.

Доўгі час было вядома толькі аб тым, што з часоў Уга Чавеса Каракас завінаваціўся Менску блізу $160 млн - за трактары, грузавікі, будаўніцтва дамоў і г.д. Але ў мінулым годзе высветлілася, што Беларусь завінавацілася Венесуэле за пастаўкі нафты каля амаль $1,5 млрд.

І, безумоўна, трэба ўлічваць, што венесуэльская эканоміка з-за кіравання Нікаласа Мадура ўжо даўно стала вартым жалю відовішчам.

Краіна, багатая на запасы нафты, жыве ў галечы. Мінімальны заробак складае ў Венесуэле менш за 4 даляры (не, гэта не памылка друку) - з выплатай работнікам дзяржаўнага сектара бонусаў на суму $100.

Дыктатар Мадура застаецца ва ўладзе дзякуючы канцэнтрацыі ў сваіх руках даходаў ад экспарту нафты, што дазваляюць яму ўтрымліваць войска чыноўнікаў і сілавікоў. За межамі гэтага - бяда. Некалькі гадоў таму Венесуэла паставіла сусветны рэкорд у аб'ёме замежнай пазыкі (у працэнтах да ВУП): зараз ён перавышае $150 млрд.

Дарэчы, візіт прэм'ер-міністра Беларусі ў Венесуэле не заўважылі на фоне падрыхтоўкі да будучых 28 ліпеня прэзідэнцкіх выбараў (Мадура збіраецца «выбрацца» на трэці тэрмін).

Размаўляючы з Галоўчанкам, кіраўнік Венесуэлы заявіў:

- Перадайце Лукашэнку наступнае: я буду чакаць яго тут з вельмі добрым абедам, і ўсё, што ён будзе каштаваць, - усё будзе мясцовай вытворчасці.

Відаць, гэты абед для Лукашэнкі - усё, што сёння Венесуэла можа прапанаваць Беларусі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках