Беларусы аказаліся найлепшымі ў матэматыцы ў Еўропе
45- 21.07.2024, 16:34
- 15,088
Нашы школьнікі заваявалі шэсць медалёў.
На Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе беларускія школьнікі занялі пятае месца, саступіўшы толькі прадстаўнікам краінаў Азіі і ЗША, паведамляе «Наша Нiва».
65-я Міжнародная матэматычная алімпіяда прайшла ў горадзе Бат (Вялікая Брытанія). Штогадовае спаборніцтва сярод школьнікаў у матэматыцы праводзіцца з 1959 года, што робіць яе найстарэйшай з міжнародных прадметных алімпіядаў.
Сёлета каманда Беларусі заняла пятае месца ў агульнакамандным заліку, што з'яўляецца найлепшым вынікам для краіны на такіх спаборніцтвах. Беларускія школьнікі абышлі каманды ўсіх еўрапейскай краінаў, саступіўшы толькі камандам Індыі, Паўднёвай Карэі, Кітая і ЗША.
Летась беларуская каманда займала толькі 17 месца.
Школьнікі з розных куткоў Беларусі заваявалі шэсць медалёў: золата ўзялі вучні гімназіі № 41 г. Менска Міхаіл Райхман і Мацвей Вылягжанін, вучань гімназіі № 2 г. Віцебска Іван Каршуноў і вучань гімназіі № 51 г. Гомеля Павел Цітоў. Бронзавыя медалі атрымалі вучні гімназіі № 2 г. Віцебска Мацвей Арэшчанка і Максім Манастырскі.
З суседзяў бліжэй за ўсіх аказалася каманда Польшчы, якая заняла 9-е месца.