27 лiпеня 2024, Субота, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На рынку працы ёсць вакансіі на заробак $10-20 на месяц

14
На рынку працы ёсць вакансіі на заробак $10-20 на месяц

Беларусам прапануюць працаваць за смешны заробак.

Зразумела жаданне людзей уладкавацца на працу, дзе заробленых грошай ім будзе ставаць на ўсё неабходнае. Праўда, не ўсім удаецца знайсці такое месца, бо часам наймальнікі прапануюць супрацоўнікам вельмі сціплыя сумы за іх працу.

«Зеркало» паглядзела вакансіі, на якіх працадаўцы гатовыя плаціць працаўнікам заробак да 100 рублёў. Адзначым, што гэта няпоўная занятасць.

Са звестак дзяржаўнай базы вакансій на 26 ліпеня, на заробак да 100 рублёў прадпрыемствам патрабавалася 135 супрацоўнікаў. Прычым гэта не толькі працоўныя спецыяльнасці, ёсць вакансіі і для людзей з вышэйшай адукацыяй.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі з сярэднеспецыяльнай адукацыяй на 0,05 стаўкі патрэбны ў яслі-сад № 40 Гародня. Яму будуць плаціць 31,3 рублі.

Прафесійна падрыхтаваны рабочы ў комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў пятага разраду патрабуецца ў аддзяленне "Беларусбанка" ў Жыткавічах. Супрацоўніка аформяць на 0,1 стаўкі, пры гэтым яму давядзецца працаваць у рэжыме шматзадачнасці. Наймальнік заплаціць яму 41-45 рублёў на месяц, але абяцаюць, што будзе прэмія, надбаўка і сацпакет.

Для пастаяннай работы на 0,1 стаўкі прадпрыемства "Магілёўэнерга" шукае электраманцёра для рамонту і мантажу кабельных ліній трэцяга разраду. Адзначаецца, што магчыма сумяшчэнне прац. Супрацоўнік павінен мець прафесійна-тэхнічную адукацыю. За працу яму будуць плаціць 58,18 рублі на месяц.

Адразу некалькі вакансій ёсць на заробак 62,6 рубля. Напрыклад, згаданае вышэй "Магілёўэнэрга" на гэтыя грошы працаўладкуе электраманцёра аператыўна-выязной брыгады, электрагазазваршчыка, электразваршчыка ручной зваркі, акумулятаршчыка.

Такія ж грошы заплацяць прыбіральшчыку памяшканняў у Ільюшынскай бібліятэцы, яна размешчана ў г. п. Ушачы. Супрацоўнік патрэбны на 0,1 стаўкі.

Памочнік выхавацеля, аформлены на 0,1 стаўкі ў дзіцячым садку № 105 Гародні, таксама атрымае 62,6 рубля.

На 40 капеек больш, а менавіта 63 рублі ў месяц (адзначаецца, што гэта 0,1 стаўкі і сумяшчэнне), атрымае аператар заправачных станцый у Ляхавіцкім ДРБУ № 200.

Клімавіцкаму аграрнаму каледжу на 0,1 стаўкі патрэбны кіроўца аўтамабіля з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Яго чакае заробак на ўзроўні 63-67 рублёў.

Заводу "Белхім" патрабуецца ліфцёр на 0,1 стаўкі. На працу возьмуць чалавека з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і досведам працы ад двух гадоў. Наймальнік гатовы плаціць яму 63-71 рубель на месяц.

На заробак да 100 рублёў таксама патрэбны супрацоўнікі з вышэйшай адукацыяй. Так, Ваўкавыскі раённы цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі шукае лекара-педыятра, яго аформяць на 0,12 стаўкі. Плаціць будуць 75,5 рублі за месяц.

Прадпрыемству «Чашнікіспецвопратка» патрабуецца спецыяліст у каштоўных паперах на 0,1 стаўкі. ЗА месяц супрацоўнік атрымае 75-80 рублёў.

Гімназія-каледж мастацтваў Бабруйска шукае выкладчыка хіміі на 0,1 стаўкі. Заробак - ад 65 да 100 рублёў.

Таксама на 0,1 стаўкі СШ № 2 Свіслачы патрэбны настаўнік фізічнага выхавання з веданнем камп'ютара. Яму будуць плаціць 75 рублёў за месяц.

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт прыме на працу на 0,1 стаўкі стажора малодшага навуковага супрацоўніка. Паведамляецца, што калі ў яго будзе вышэйшая адукацыя, то стаж працы мець не патрабуецца. Таксама могуць узяць працаваць супрацоўніка, які скончыў тры курсы ВНУ. Работнік будзе атрымліваць 63-65 рублёў за месяц.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках