27 лiпеня 2024, Субота, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У закрытым Чырвоным касцёле ў Менску з'явіўся новы пробашч

3
У закрытым Чырвоным касцёле ў Менску з'явіўся новы пробашч

Уладзіслава Завальнюка звальняюць.

У вядомым Чырвоным касцёле ў Менску ўпершыню за 30 гадоў з'явіцца новы пробашч, ранейшага звальняюць на ягоную просьбу ў сувязі з тым, што яму споўнілася 75 гадоў. Пастанову аб змене пробашча прыняў 26 ліпеня мітрапаліт менска-магілёўскі, арцыбіскуп Іосіф Станеўскі, паведамляецца на сайце catholic.by.

Цяпер пакуль пробашчам парафіі Святых Сымона і Алены ў Менску (Чырвонага касцёла) з'яўляецца Уладзіслаў Завальнюк. Ён займае гэтую пасаду цягам 30 гадоў. Ксёндз кіруе парафіяй з 1990 года, з моманту, калі святыню перадалі вернікам пасля савецкай канфіскацыі.

Новае прызначэнне пачне дзеянне 1 жніўня, тады скончыцца тэрмін паўнамоцтваў Завальнюка, яму прысвояць званне «Ганаровага» пробашча.

Новым пробашчам парафіі будзе ксёндз Францішак Рудзь. Таксама ён стане дэканам дэканату Менск-Захад замест Завальнюка. Да гэтага ён быў пробашчам парафіі Маці Божай Будслаўскай у Менску. Дарэчы, знаходзячыся на гэтай пасадзе, ён летась ездзіў на сустрэчы з курсантамі Акадэміі МУС, а таксама ўдзельнікамі патрыятычнага клуба «Патрыёт» і расказваў ім гісторыю з'яўлення свята Вялікадня, а таксама пра традыцыі святкавання і службу ў царкоўных парафіях.

Акрамя таго, Іосіф Станеўскі прыняў пастанову звольніць ксяндза-каноніка Юрыя Санько з пасады адміністратара парафіі Святых Сымона і Алены.

Нагадаем, што Чырвоны касцёл адзін з самых вядомых помнікаў архітэктуры ў сталіцы. Праўда, для вернікаў ён зачынены з 26 верасня 2022 года пасля таго, як там пры нявысветленых абставінах адбыўся пажар. Пасля гэтага раённая адміністрацыя забараніла эксплуатацыю будынка, унутр перасталі пускаць вернікаў і святароў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках