27 лiпеня 2024, Субота, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што Пуцін і Лукашэнка размаўлялі ў манастыры

15
Пра што Пуцін і Лукашэнка размаўлялі ў манастыры

Галоўнай тэмай відавочна была Украіна.

Лукашэнка зноў паехаў да Уладзіміра Пуціна 25 ліпеня. Ягоны візіт на Валаам доўжыцца два дні, а прэс-служба Лукашэнкі паказвае толькі відэа з царквой і качкамі, але нічога не паведамляе пра сутнасць паездкі. Эксперты кажуць «Белсату», што паўтаемна Лукашэнка і Пуцін абмяркоўваюць найперш ціск на Украіну.

Галоўнае – атака на Украіну

Напярэдадні паездкі прэс-служба Лукашэнкі расказала, што будуць размовы на «тэматыку рэгіянальнай бяспекі, міжнароднага парадку дня, пытанняў развіцця двухбаковых стасункаў і прасоўвання саюзных праектаў». Канкрэтыкі няма, а тое, што публікуюць толькі відэа і фота на прыродзе, сведчыць, што Лукашэнка і Пуцін і не хочуць нічога паведамляць, мяркуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

«Там абмяркоўваецца вялікі спектр тэмаў, пачынаючы з Украіны, магчыма, ідуць і ўспаміны пра мінулае – гэта ж старыя людзі. А “Пул першага” маўчыць [тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі], бо тэмы, якія абмяркоўваюцца, паказваць нельга.

Актуальныя пытанні, якія яны хочуць абмеркаваць, тычацца найперш Украіны, мірных перамоваў і ролі Беларусі ў гэтых перамовах. Я таксама не выключаў бы, што яшчэ адно важнае пытанне звязанае з нямецкім грамадзянінам Рыка Крыгерам, з ягоным лёсам і магчымасцямі абмену», – кажа эксперт.

Ёсць звесткі, што Крэмль хацеў бы абмяняць нямецкага грамадзяніна, які асуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі, на афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, які знаходзіцца ў зняволенні ў Нямеччыне, таму пытанне можа быць актуальным.

Тое, што галоўнай тэмай з'яўляецца Украіна, гаворыць і аналітык Фінскага інстытута міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікоў.

«Як ідуць баявыя дзеянні – гэта адна рэч. Іншая, што Масква пачала дыпламатычную атаку на Украіну праз мірныя перамовы. Думаю, што адной з тэмаў будзе менавіта роля Лукашэнкі і Беларусі ў прасоўванні гэтага наратыву і расхістванні сітуацыі ва Украіне праз гібрыдную атаку з мірным планам», – кажа Ніжнікаў.

Пра «мірны план» Пуцін і Лукашэнка казалі яшчэ падчас сустрэчы ўвесну.

«Ён казаў разам з Пуціным, што яны гатовыя да перамоваў, што нібыта ўкраінскі народ і вайскоўцы не хочуць гэтай вайны, што гэта ўсё Зяленскі, які страчвае легітымнасць. Цяпер Беларусь з'яўляецца адным з рупараў прапаганды Крамля, але не адзіным.

Расея спрабуе праз розных актораў прасоўваць гэтыя наратывы. І праз унутрыўкраінскія тэлеграм-каналы, і праз Кітай, і праз Трампа з Орбанам. Гэта павінна снежным камяком абрынуцца на Украіну. Яны глядзяць, як будзе развівацца сітуацыя ўнутры Украіны. Але вядома, што да мірных перамоваў далёка і гэта менавіта дыпламатычны напад», – адзначае аналітык Фінскага інстытута міжнародных стасункаў.

Пагаварыць пра грошы Лукашэнка не забудзецца

Другое пытанне – эканоміка, што больш цікавіць Лукашэнку. Але і тут не без прывязкі да вайны ва Украіне. Акрамя таго, што Лукашэнку цікавы расейскі рынак, крэдыты і лагістычная дапамога для продажу тавараў за мяжу, яны з Пуціным хочуць, каб Беларусь усё больш працавала на агрэсію супраць Украіны.

«Для Расеі важна, каб Беларусь і яе эканоміка ўсё больш і больш дапамагалі вайсковай прамысловасці Масквы. Для Лукашэнкі тут зразумелая цікавасць. Мы ж памятаем, каго прызначылі амбасадарам у Расею – былога міністра прамысловасці. Таму нешта будзе абмяркоўвацца вельмі шчыльна», – прадаўжае Рыгор Ніжнікоў.

Міграцыйны крызіс на другім плане?

Што да тэмы міграцыйнага крызісу, да абмеркавання якой далучыўся нават Кітай, то тут меркаванні экспертаў разышліся. Менск і Маскву не вельмі непакоіць тое, што Польшча паскардзілася Кітаю і пагражае закрыць межы, мяркуе Ніжнікаў.

«Тут пытанне, наколькі і Лукашэнка, і Пекін мяркуюць, што Варшава пойдзе да канца. Думаю, абодва бакі думаюць, што калі за два гады не закрылі мяжу, то пытанне, наколькі шчыра мяркуецца гэта зрабіць. Думаю, яны будуць чакаць да апошняга.

Калі транзіт будзе закрыты, гэта будзе вялікім эканамічным ударам. Але ці чакае Лукашэнка, што гэта абрыне ягоны рэжым? Вядома, не.

Ён можа сказаць Крамлю, што на яго ціснуць і яму патрэбная падтрымка, Масква можа сказаць: «Добра, калі закрыюць, мы дапаможам». Тады яны проста скінуць гэтае пытанне на польска-кітайскае і скажуць, што гэта антыкітайскія і антыбеларускія захады. Думаю, тут Лукашэнка будзе гандлявацца, але, як і ў пытанні з палітвязнямі, ён не можа паказаць Захаду слабіну», – кажа Ніжнікаў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках