27 лiпеня 2024, Субота, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі шэраг банкаў увёў чарговыя змены

У Беларусі шэраг банкаў увёў чарговыя змены

Сярод іх ёсць і забароны.

Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведаміў пра чарговыя новаўвядзенні ў абслугоўванні кліентаў. «Позірк» адсачыў змены з публікацыяў на сайтах крэдытна-фінансавых арганізацый.

З 1 жніўня «Беларусбанк» павялічвае дзённыя ліміты паслугі пераводу сродкаў «Хуткі». Максімальны аднаразовы памер пераводу павышаецца ў 5 разоў (са 100 да 500 рублёў), колькасць транзакцый за дзень з выкарыстаннем адной карткі – у 12,5 разы (з 200 да 2.500 рублёў). Максімальная колькасць аперацый, якія можна здзяйсняць цягам чатырох дзён, вырасце ў 2,5 разы (з 6 да 15), а іх агульны памер – у 12,5 разы (з 600 да 7.500 рублёў). Максімальная колькасць аперацый цягам 30 дзён – у 2,7 разы (з 15 да 40), агульны памер – у 13,3 разы (з 1.500 да 20.000 рублёў).

«Белгазпрамбанк» 26 ліпеня зняў забарону на аперацыі са сваімі карткамі за межамі Беларусі з кодамі МСС 6051 (набыццё чэкаў, замежнай валюты, папаўненне электронных гаманцоў, гандлёвых рахункаў і іншыя квазікэш-аперацыі ў нефінансавых установах) і 7995 (транзакцыі ў азартных гульнях).

«Белінвестбанк» прапануе мікра- і малому бізнэсу з аб'ёмам гадавой выручкі да 3 млн даляраў гарантыі (плацяжу, вяртання авансу, тэндарныя, выканання гарантыйных абавязальніцтваў і дамовы будаўнічага падраду, на адрас мытных органаў Беларусі). Гарантыі могуць быць выдадзеныя ў нацыянальнай або замежнай валюце на тэрмін да 7 гадоў і памерам не больш за 4,2 млн рублёў у эквіваленце.

«БНБ-Банк» з 1 жніўня будзе спаганяць камісію за вядзенне рахунку ў далярах або еўрах, калі рэшта на ім у апошні працоўны дзень месяца перавышае 10 тыс. даляраў (тут і далей у эквіваленце). Пры рэшце ад 10 тыс. да 30 тыс. даляраў камісія складзе 400 рублёў, ад 30 тыс. да 40 тыс. даляраў – 750 рублёў, ад 40 тыс. даляраў – 0,2% ад сумы перавышэння (разлічваецца як сумарная рэшта за вылікам 40 тыс. даляраў), мінімум 1 тыс. рублёў.

«Парытэтбанк» з 5 да 18 жніўня закрые рахункі з доступам праз карткі, калі цягам года на гэтых рахунках не было грошай або не праводзіліся аперацыі.

«Цэптэр Банк» 19 жніўня пачне спаганяць з нерэзідэнтаў камісію з рахункаў у далярах або еўрах – 0,2% сумы сярэднядзённай рэшты (не менш за 400 рублёў), калі цягам месяца ён перавышаў 20 тыс. даляраў або еўраў.

На 1 чэрвеня 2024 года ў Беларусі зарэгістраваныя 22 банкі (адзін з іх – «Дэльта Банк» – знаходзіцца ў стадыі банкруцтва).

Іх прыбытак з пачатку года, згодна з праведзеным аналізам звестак Нацыянальнага банка, зменшыўся на 1 млрд 542,4 млн рублёў (-52,5%) і на 1 чэрвеня склаў 1 млрд 397,1 млн рублёў. Пры гэтым у траўні прыбытак банкаў павялічыўся на 277,1 млн (24,7%). На 1 чэрвеня 2023 года гэты паказнік быў роўны 1 млрд 66 млн рублёў (прырост год да году – 31,1%).

Нарматыўны капітал фінансава-крэдытных установаў за пяць месяцаў стаў большы на 5% (з 19 млрд 961,4 млн да 20 млрд 955,5 млн), а ягоная дастатковасць – на 0,3 адсоткавага пункта (з 19,9% да 20,2%).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках