Фіца ўпершыню з'явіўся на публіцы пасля замаху
6- 6.07.2024, 10:47
- 3,760
І пахваліў Орбана за візіт у Маскву.
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца ўпершыню з'явіўся на публіцы пасля замаху ў траўні.
Як піша teraz.sk, у сваёй прамове ён «захапіўся» візітам прэм'ер-міністра Орбана да Уладзіміра Пуціна і заявіў, што далучыўся б да паездак у Кіеў і Маскву, калі б здароўе дазваляла.
«Я хачу выказаць сваё захапленне прэм'ер-міністру Вугоршчыны за тое, што ён без ваганняў паехаў у Кіеў і Маскву... Калі б мой стан здароўя дазваляў мне паехаць, я з задавальненнем далучыўся б да яго», – заявіў Фіца ў сваім выступе па нагоды Дня святых Кірылы і Мяфодзія, дзяржаўнага свята ў Славакіі.
Фіца таксама паўтарыў заклік да мірных перамоваў паміж Украінай і Расеяй.
«Недастаткова, паўтараю, недастаткова мірных перамоваў, мірных ініцыятываў», – сказаў Фіца.
Візіт Орбана ў Маскву сутыкнуўся з крытыкай у Еўропе.
Прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас упэўненая, што Орбан выкарыстоўвае сваё старшынство ў Еўразвязе для таго, каб пасеяць блытаніну.
Дэпутат Бундэстага Міхаэль Рот заклікаў Вугоршчыну сысці з пасады краіны-старшыні ЕЗ. Таксама гэты візіт раскрытыкаваў і канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, заявіўшы, што Еўрапейскую Рада ў пытаннях знешняй палітыкі будзе прадстаўляць Шарль Мішэль.
У Белым доме таксама асудзілі візіт Орбана, заявіўшы, што ён не зробіць нічога, каб пакласці канец вайне.