5 кастрычнiка 2024, Субота, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскія банкі адмовіліся прымаць плацяжы за тавары, якія перавозяцца ў РФ па чыгунцы

Кітайскія банкі адмовіліся прымаць плацяжы за тавары, якія перавозяцца ў РФ па чыгунцы

Самую цвёрдую пазіцыю заняў дзяржаўны Bank Of China.

Пакуль Расея спешна нарошчвае прапускную здольнасць чыгунак на ўсход, буйныя кітайскія банкі масава адмаўляюцца апрацоўваць плацяжы з Расеі за грузы, якія плануецца везці па чыгунцы.

Праблема прыкладна з паловай паставак, ацэньваюць апытаныя The Moscow Times імпарцёры. Ёсць адмовы і ў іншых відах перавозкі – але значна радзей, прыкладна ў 10% выпадкаў. І гэта пры тым, што буйныя банкі і так вельмі дрэнна прапускаюць плацяжы з Расеі ў любой валюце – да чэрвеня ў Кітай з Расеі шчасна праходзіла толькі блізу 15% плацяжоў. Астатнія або завісалі на шматмесячных праверках, пакуль банкі пад мікраскопам вывучалі інфармацыю аб тавары, яго атрымальніках, маршруце перавозкі і г.д., або вярталіся адпраўніку.

Рэч у тым, што кітайскія банкі, акрамя невялікіх рэгіянальных, якія не працуюць на знешніх рынках, баяцца другасных санкцый – яны адрэзалі б іх ад даляравай сістэмы. Таму ўсе буйныя банкі Кітая, у тым ліку «вялікая чацвёрка» (Industrial and Commercial Bank of China, Agricultural Bank of China, Bank of China і China Construction Bank), старанна правяраюць усё, што звязана з таварам, які аплачваецца. Яны запытваюць у тым ліку звесткі пра маршрут перавозкі – і часта вельмі падрабязныя, аж да нумара кантэйнера або чыгуначнай платформы, на якой будзе перавозіцца экспартны груз, ІНН усіх асобаў, задзейнічаных у перавозцы, тлумачыць супрацоўнік буйной лагістычнай кампаніі. І калі ў ланцужку прысутнічае санкцыйная кампанія – ідзе адмова.

Найбольш поўна ў санкцыйным спісе пададзены прадпрыемствы з інфраструктуры чыгуначных перавозак, таму адмоваў у аплаце тавару, які планавалі перавозіць па чыгунцы, асабліва шмат, пацвярджае расейскі прадпрымальнік, які валодае гандлёвым домам у Харбіне.

Самае непрыемнае, што пад забарону трапляюць і несанкцыйныя чыгуначныя перавозкі – відаць, банкі перастрахоўваюцца, кажа іншы лагіст. Паводле ягонай ацэнкі, з тых кліентаў ягонай кампаніі, хто спрабуе плаціць у Кітай наўпрост, з траўня ўзнікалі праблемы з аплатай кожнай другой перавозкі па чыгунцы і прыкладна кожнай дзясятай – марскімі або камбінаванымі маршрутамі.

Самы жорсткі з гэтага гледзішча банк – дзяржаўны Bank Of China: ён не прапускае ніякай «санкцыйкі» ў лагістыцы, сцвярджае суразмоўца The Moscow Times. Яшчэ тры крыніцы ў знешнегандлёвых кампаніях згаджаюцца з ягонай ацэнкай частаты адмоваў у аплаце пры чыгуначных перавозках. «Мы ўжо адразу раім кліентам, у якіх у маршрутным лісце "Транскантэйнер" або чыгуначны тэрмінал з санкцыйнага спісу, плаціць не наўпрост, а праз агентаў», – расказвае мэнэджар экспедытарскай кампаніі.

Найбуйнейшы расейскі чыгуначны кантэйнерны аператар, «Транскантэйнер», з лютага пад блакавальнымі санкцыямі ЗША, а з канца чэрвеня – і ў еўрапейскім санкцыйным спісе. У гэтай былой дачкі РЧ, якая цяпер уваходзіць у групу «Дело», свой парк са 140000 кантэйнераў і 40000 чыгуначных платформаў для іх перавозкі. Кампанія пабудавала тэрмінал у Забайкальску, каб можна было прымаць грузы, якія дастаўляюцца па чыгунцы з Кітая, яе структурам таксама належыць асноўны чыгуначны тэрмінал па прыёме грузаў у Маскоўскім рэгіёне – Ворсіна.

Пад блакавальнымі санкцыямі ЗША яшчэ адзін актыў групы «Дело» – сучасны расейскі марскі кантэйнерны тэрмінал ВСК у Прымор'і (ён уваходзіць у Global Ports). Праз гэта туды адмовіўся заходзіць буйны паўднёвакарэйскі перавознік Sinokor. На думку Дзярждэпартамента ЗША, і «Транскантэйнер», і GlobalPorts былі звязаныя з расейскім ваенным комплексам і задзейнічаныя ў пастаўках боепрыпасаў з Паўночнай Карэі.

Пад санкцыямі – праўда, пакуль толькі брытанскімі – і ўладальнік найбуйнейшага на Далёкім Усходзе марскога перавозніка ДВМП, група Fesco. У ДВМП ёсць уласныя грузавыя тэрміналы ў асноўных экспартных варотах Расеі – партах Уладзівастока, Санкт-Пецярбурга і Новарасійска.

Расея і Кітай хочуць абыходзіць абмежаванні, праводзячы плацяжы праз невялікія рэгіянальныя кітайскія банкі: ім санкцыі не страшныя, яны і так не працуюць на знешніх рынках. Першы намеснік старшыні ЦБ Уладзімір Чысцюхін заклікаў выкарыстоўваць любыя механізмы разлікаў – нават тое, што нядаўна «здавалася ўчорашнім днём, было непапулярным» – інакш, без нармальных разлікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, «для нашай і экспартна- і імпартназалежнай краіны гэта проста ўсё, пагібель». Паводле ягоных словаў, расейскія кампаніі выкарыстоўваюць у разліках лічбавыя актывы, паводле звестак віцэ-прэм'ера Аляксандра Новака, звяртаюцца яны і да бартару. Сітуацыя з транспамежнымі плацяжамі ўскладнілася ў апошні час, прызнавала старшыня ЦБ Эльвіра Набіуліна, адзначаючы, што гэта вядзе да росту транзакцыйных выдаткаў і, як вынік, падаражэння імпартных тавараў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках