Як выглядае будучы лакшэры-гатэль у «сэрцы» Менска, якое Лукашэнка аддаў арабам
6- 6.07.2024, 14:58
- 11,940
Тут раней былі павільён «БелЭкспа» і 2-я гарадская лякарня.
У найбліжэйшай будучыні ў Менску адчыніцца гатэль Waldorf Astoria – з сеткі прэміяльнага класу, якая з'яўляецца часткай сеткі Hilton Worldwide, піша «Салідарнасць».
Надзел, на якім размяшчаліся павільён «Белэкспа» і 2-я гарадская лякарня, быў перададзены забудоўніку з Арабскіх Эміратаў блізу васьмі гадоў таму.
Мяркуецца, што 6-павярховы гатэльны комплекс будзе ўключаць блізу 200 пяцізоркавых нумароў, навіслы над Свіслаччу шкляны рэстаран, начны клуб, бар, казіно, спа-зону.
Гранд-гатэль Waldorf Astoria – адзін з найбуйнейшых міжнародных дэвелаперскіх праектаў у Беларусі, які рэалізуецца Royal Development Company, адным з ключавых гульцоў у сферы нерухомасці ААЭ.
Нагадаем, як усё пачыналася.
У 2015-м менскія ўлады аддалі надзел на месцы лякарні на Багдановіча і НВЦ «БелЭкспа» на Купалы, які называюць «сэрцам Менска», арабскаму інвестару.
Планавалася, што праект будзе рэалізаваны ў 2017 годзе.
Упершыню элітным надзелам у цэнтры беларускай сталіцы зацікавіўся Дзяржаўны генеральны рэзервовы фонд Амана. Увесну 2010-га Лукашэнка сваім указам перадаў аманскай кампаніі ў прыватную ўласнасць зямельны надзел у межах вуліцаў Я.Купалы – М.Багдановіча – р.Свіслач.
Зямля была перададзеная без правядзення аўкцыёну для продажу зямельных надзелаў за 10 млн даляраў. Разам з надзелам аманцы атрымалі размешчаныя на ім аб'екты, якія, паводле дамовы, павінны былі знесці за ўласны кошт.
Аднак у 2013-м інвестары адмовіліся ад праекту, мяркуючы, што ён нерэнтабельны. І ў 2015-м свае магчымасці ў цэнтры Менска надумалі выпрабаваць інвестары з ААЭ.