22 снежня 2024, Нядзеля, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы паставілі кропку ў дыскусіі, дзе першапачаткова знаходзіўся Менск

6
Навукоўцы паставілі кропку ў дыскусіі, дзе першапачаткова знаходзіўся Менск

Сталіца Беларусі можа быць на некалькі дзесяцігоддзяў старэйшай.

Навукоўцы Акадэміі навук, здаецца, паставілі кропку ў дыскусіі, дзе запачаткаваўся Менск. Пра гэта паведаміў БелТА загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Аўласовіч.

«Вялася навуковая і грамадская дыскусія на тэму таго, што з'яўляецца зыходным пунктам у фармаванні будучай сталіцы незалежнай Беларусі: месца зліцця Свіслачы і Нямігі альбо месца, дзе ручай Дунай упадае ў рэчку Менку. Мы ведалі, што ў XI стагоддзі існавалі два селішчы і там, і там, абодва ўмацаваныя, але не быў зразумелы іх статус, як яны суадносяцца адзін з адным. І толькі археалагічныя даследаванні нам паказалі, што для канца X – першай паловы XI стагоддзя гэта былі несупастаўныя велічыні.

У гэты перыяд на Менцы быў сапраўдны горад з цудоўнай матэрыяльнай культурай, а на Нямізе хоць і было селішча, але нічога падобнага не было», – расказаў Аляксей Аўласовіч.

Так, археолагі знайшлі на Менцы шэраг значных артэфактаў канца X – першай паловы XI стагоддзя.

«Пышныя паясныя наборы паказваюць прысутнасць тут дружыннікаў. Выяўлены і пісьмовыя прылады. Знойдзена таксама некалькі донцаў гаршкоў з пячаткамі княжага трызубца Ізяслава – старэйшага сына Уладзіміра і Рагнеды. Гэта паказвае на прысутнасць тут княжацкай адміністрацыі і ў цэлым пашырэнне межаў Полацкага княства.

Атрымліваецца, што тут быў адзін са значных паўднёвых гарадоў на полацкай зямлі, у той час як на Нямізе ў першай палове XI стагоддзя нічога падобнага не было. Там сапраўды было селішча, але такіх статусных рэчаў там на гэты час не назіраецца», – адзначыў навуковец.

Далей адбылася летапісная бітва 1067 года, калі князі Яраславічы прыступам узялі старажытны Менск.

«І мы бачым, што пачынаючы з сярэдзіны XI стагоддзя і ўжо тым больш у XII стагоддзі на Менцы больш бедныя знаходкі. Гэта значыць, горад згасае. А на Нямізе, наадварот, другая палова XI стагоддзя і XII стагоддзе проста фантануюць статуснымі рэчамі», – звярнуў увагу Аляксей Аўласовіч.

«Такім чынам, мы можам паставіць кропку ў гэтай дыскусіі. Было два селішчы. Аднак Менск нарадзіўся менавіта на Менцы. А далей адбыўся перанос духу горада на Нямігу ўжо пры Глебу Менскім», – падсумаваў загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках