19 жнiўня 2024, панядзелак, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуску ў Польшчы не пусцілі на борт Ryanair з праязным дакументам

6
Беларуску ў Польшчы не пусцілі на борт Ryanair з праязным дакументам

Але яна змагла дабіцца кампенсацыі.

Канал для праграмістаў у Польшчы Dzic Pic апублікаваў гісторыю чытачкі, якая сутыкнулася з праблемамі падчас паездкі на Кіпр з праязным дакументам.

- Я збіралася паляцець у чэрвені на Кіпр да сваёй сястры, якая працуе юрысткай. У мяне праязны дакумент, бо ў майго беларускага пашпарта скончыўся тэрмін дзеяння. Мы першапачаткова ведалі, што могуць узнікнуць праблемы, аднак надумалі рызыкнуць.

Папярэдне я ўсё ж набрала кіпрскае пасольства ў Варшаве, каб спытаць: ці можна мне перасякаць мяжу з праязным дакументам? Мне адказалі: "На жаль, гэтае пытанне вельмі часта паступае да нас ад грамадзян Беларусі, але мы праўда не ведаем, ці пусцяць вас, бо мы неаднаразова пісалі кіпрыётам, каб яны нам гэта растлумачылі".

“Хех, кіпрыёты”, - падумала я і ўсё адно купіла білет. З багажом ён каштаваў мне 70 еўра. Зваротны білет на ўсялякі выпадак не брала.

І вось дзень вылету. Я пайшла да стойкі рэгістрацыі, папярэдне ўдакладніўшы ў працаўнікоў Ryanair, ці ўсё добра з маімі дакументамі. Яны адказалі, што праблем быць не павінна. Я выдыхнула і пайшла далей.

Паспяхова прайшла security check, мытню і села чакаць самалёт ля брамы.

Бліжэй да пасадкі я пачула, што супрацоўнікі Ryanair праз гучнаўзмацняльнік запрашаюць мяне да стойкі.

Яны сказалі, што я не магу перасякаць мяжу з праязным дакументам і ДНЖ, але ёсць два варыянты:

- праязны дакумент і ў ім віза

- пашпарт Беларусі і ДНЖ

Мы спрабавалі спрачацца, але яны былі непахісныя і не пусцілі мяне ў самалёт.

Пасля гэтага мая сястра склала ім вялікі ліст, у якім мы падрабязна апісалі, што адбылося.

Чытачка паказала вытрымкі з гэтага ліста. У ім спасылаюцца на інфармацыю аб паездках для замежных наведвальнікаў на сайце кіпрскай амбасады. А менавіта, што "асобы, якія маюць дазвол на жыхарства, выдадзены адной з дзяржаў-чальцоў Шэнгенскага пагаднення, не маюць патрэбы ў кароткатэрміновай візе для ўезду на Кіпр на тэрмін знаходжання, які не перавышае 90 дзён на працягу любога 180-дзённага перыяду", ёсць польскі ДНЖ). А таксама на тлумачэнне польскага МУС, што праязны дакумент замежніка пацвярджае асобу і дазваляе перасякаць мяжу.

Акрамя таго, зазначаецца ў лісце, у Дырэктыве ЕЗ аб стандартах кваліфікацыі грамадзян трэціх краін або асоб без грамадзянства ў якасці бенефіцыяраў міжнароднай абароны наўпрост гаворыцца, што праязны дакумент іншаземца прызначаны для паездак за межы краіны.

У канцы аўтарка папрасіла даць пісьмовае тлумачэнне прычын, праз якія беларусцы з праязным дакументам іншаземца не дазволілі ўехаць у Рэспубліку Кіпр, уключаючы спасылкі на адпаведныя прававыя акты. А таксама правесці поўную кампенсацыю сродкаў.

Што было далей?

- Мне давялося доўга чакаць адказу, таму я раю перыядычна іх даймаць, – працягвае чытачка. - Але ў выніку яны мне адказалі, што выплацяць кампенсацыю сумай 400 еўраў і кошт білета ў поўнай суме.

Я паўторна спытала, ці магу я ў будучыні лятаць на Кіпр. Мне падалося, яны не хочуць гэта казаць, бо гэта парушэнне маіх правоў і прызнанне памылкі.

Але вось што мне адказалі: “Паколькі мы атрымалі інфармацыю ад нашага іміграцыйнага аддзела, вы маглі падарожнічаць з гэтымі дакументамі. Акрамя таго, рэкамендуем вам звязацца з пасольствам і спытаць іх”.

“Збіраюся зноў паляцець на Кіпр у верасні. Думаю яшчэ дамагчыся афіцыйнага ліста з дазволам на праходжанне з праязным дакументам”, - рэзюмавала чытачка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках