1 верасня 2024, Нядзеля, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Менавіта для гэтай мэты Лукашэнка патрэбны Пуціну»

5
«Менавіта для гэтай мэты Лукашэнка патрэбны Пуціну»

Ва Украіне варожаць, ці пойдзе дыктатар на абвастрэнне.

У нядзелю, 25 жніўня, МЗС Украіны апублікавала заяву аб непрыязных дзеяннях Беларусі:

«УС Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэнняў засяроджваюць значную колькасць асабовага складу, сярод іншага Сіл спецыяльных аперацый, узбраення і вайсковай тэхнікі, уключаючы танкі, артылерыю, РСЗА, з выкарыстаннем СПА і інжынернай тэхнікі, у Гомельскай вобласці на паўночных межах Украіны. Таксама зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК «Вагнер». Правядзенне вучэнняў у прымежнай паласе, у непасрэднай блізкасці да Чарнобыльскай АЭС, стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспецы агулам».

Гэтаму папярэднічала заява Лукашэнкі аб «больш як 20 брыгадах і батальённых групах, якія будуць задзейнічаныя на мяжы з Украінай для недапушчэння прарыву», разам з комплексамі «Іскандэр» і «Паланэз» далёкасцю 200-500 км. То бок, гэта ўжо пагроза не толькі для Украіны, але і для Польшчы, Літвы і Латвіі.

Падставай для перакідвання войскаў і тэхнікі да мяжы сталі нібыта міфічныя ўкраінскія беспілотнікі, якія Лукашэнка ў пачатку жніўня ўбачыў у небе Беларусі, аднак іх абломкі так ніхто і не знайшоў і не падаў адпаведных доказаў, нагадвае ТСН.

Яшчэ пазней, калі на адрас Менска пасыпаліся абвінавачанні ад расейскіх прапагандыстаў і Z-ваенкараў у адвядзенні ў ліпені ад украінскай мяжы беларускіх сіл, што нібыта і дазволіла прарыў УСУ на Куршчыне, Лукашэнка даў інтэрв'ю дэпутату Дзярждумы і мужу прапагандысткі Скабеевай Яўгену Папову, дзе спрабаваў прыстрашыць Украіну. Аднак атрымалася не вельмі пераканаўча, улічваючы сігналы аб немагчымасці выкарыстання ядзернай зброі, бо ад Беларусі з Расеяй адвернуцца іх нешматлікія саюзнікі (перш за ўсё, напэўна, Кітай).

На афіцыйную заяву ўкраінскага МЗСа прадстаўнік беларускага МЗСа Анатоль Глаз адказаў, што Менск не атрымліваў «афіцыйных зваротаў» ад Кіева з патрабаваннем адвесці войскі ад агульнай мяжы. А афіцыйнае паведамленне на сайце МЗС Украіны там назвалі інфармацыяй «на прасторах інтэрнэту, дзе стае ўсякага».

Цяпер, паводле слоў спікера Дзяржаўнай памежнай службы Андрэя Дземчанкі, Украіна ўзмацняе мяжу з Беларуссю. Пакуль што на лініі дзяржаўнай мяжы не фіксавалася якіх-небудзь нестандартных ці правакатыўных дзеянняў, перасоўванняў тэхнікі ці асабовага складу войска Беларусі. Тым не менш пад выглядам вучэнняў ці пад ціскам РФ Менск канцэнтруе пэўную колькасць сваіх падраздзяленняў у глыбіні сваёй тэрыторыі.

«Сітуацыя там увесь час адсочваюцца. Украіна ў стане вайны, абараняецца, таму ўзмацняе мяжу, каб не дапусціць паўторнага ўварвання. Беларусь увесь час праводзіць вучэнні і перакідвае свае сілы. Беларускія ўлады падыгрываюць РФ і робяць усё магчымае, каб Украіна трымала частку свайго войска на гэтым кірунку», - дадаў Андрэй Дземчанка.

Пагроза з поўначы: навошта Беларусь назапашвае войскі

Яшчэ з 24 лютага 2022 года Менск з'яўляецца суагрэсарам Масквы. У пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання Лукашэнка «з любоўю» даў Пуціну тэрыторыю Беларусі для наступу расейскіх войскаў на Кіеў. Ва Украіне ўсведамляюць, што гэта можа паўтарыцца. Таму з 2022 года ўкраінцы істотна ўмацавалі мяжу з Беларуссю, якая складае 1000 км.

Тыдзень таму маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляла, што яшчэ 10 жніўня Беларусь пачала перакідваць свае сілы на поўдзень у Гомельскую вобласць (польскія экспэрты нагадваюць, што менавіта там напярэдадні 24 лютага 2022 года ў расейскіх вайскоўцаў быў плацдарм для далейшага ўварвання - рэд.), да мяжы з Украінай. На 23 жніўня там было сканцэнтравана блізу 1000 вайскоўцаў.

Экспэрты сумняваюцца, што зараз гаворка можа ісці аб небяспецы другога вялікага наступу на Кіеў ці Чарнігаўшчыну з тэрыторыі Беларусі. Нават улічваючы наяўнасць у Беларусі пэўнай колькасці «вагнераўцаў», Лукашэнку трэба абвяшчаць набор рэзервістаў. Яшчэ ў 2022 годзе Менск запэўніваў, што пры неабходнасці можа набраць да 500 тысяч. «Вайсковае ведамства пры неабходнасці можа выставіць рэсурс на 500 тысяч вайсковаабавязаных, і гаворка ідзе аб падрыхтаваным рэзерве», - заяўляў беларускі міністр абароны Віктар Хрэнін. Аднак улічваючы вялізную міграцыю за мяжу, асабліва мужчын, гэта фантастычная для Беларусі лічба.

Каб стварыць рэальную пагрозу для Украіны з поўначы, Расеі трэба перакідваць у Беларусь свае войскі, прычым у вялікай колькасці, як гэта было напярэдадні 24 лютага 2022 года. А дадатковых рэзерваў у Крамля пакуль няма. Яны пакуль што нават не могуць спыніць прасоўванне УСУ на Куршчыне, бо ім не стае мабілізацыйнага рэсурсу.

«Расея даўно імкнецца паглыбіць удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны, але ў гэтым канкрэтным выпадку Крэмль пераследуе вельмі канкрэтную мэту. Пуцін спадзяецца, што ствараючы патэнцыйную беларускую пагрозу ўздоўж паўночнай мяжы Украіны, ён зможа прымусіць Кіеў адцягнуць украінскія войскі з Куршчыны, прыслабіўшы ціск на сваё перанапружанае войска», - піша ў сваім артыкуле для Atlantic Council экспэрт Еўразійскага цэнтра Петэр Дзікінсан.

Са слоў міністра замежных спраў Украіны ў 2014-2019 гадах Паўла Клімкіна, Лукашэнка пойдзе на падвышэнне ставак, толькі калі зразумее, што кітайцы не могуць яго ад гэтага абараніць. На мінулым тыдні прэм'ер Дзяржаўнай рады КНР Лі Цян быў у Маскве і Менску. Ён асабіста верны Сі Цзіньпіну і з'яўляецца фактычна другім чалавекам у кітайскай герархіі. А да Сі Цзіньпіна прыслухоўваюцца і Пуцін, і Лукашэнка.

«Кітайскі чыннік - важная частка, чаму беларусы сёння застаюцца «незалежнымі». Акрамя таго, магчыма, Пуцін бы ўжо іх і «з'еў». Хоць гэта няпростая гісторыя, Лукашэнка не дурны, цудоўна гэта разумее. Думаю, недзе ўнутры ў яго «асаблівыя» пачуцці да Пуціна. Таму я ўпэўнены, што гэта (вайсковыя манеўры Беларусі - рэд.) цалкам свядомы псіхалагічны і вайсковы ціск, узгоднены з РФ», - кажа Клімкін.

Да таго ж дзеянні Лукашэнкі і бразганне беларускага войска зброяй на мяжы з Украінай маюць патрэбу ў дадатковай камунікацыі Кіева з заходнімі супольнікамі і партнёрамі. Ужо дастаткова доўга Масква не абстрэльвае Украіну ракетамі і «Шахедамі» з тэрыторыі Беларусі. Хоць расейскія дроны апошнім часам вельмі часта ляцяць праз тэрыторыю Беларусі, каб потым ударыць па цэлях ва Украіне. Аднак калі гэты хісткі статус-кво зменіцца, магчыма, што расейскія ракеты і дроны ўсё часцей будуць перасякаць «межы» NАТО.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках