На Беларусь ідзе паветраная маса з паўночнай Атлантыкі
- 19.09.2024, 12:44
- 10,784
У дзвюх абласцях абвясцілічырвоны ўзровень небяспекі.
Белгідрамет аб'явіў штармавое папярэджанне і ўвёў чырвоны ўзровень небяспекі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях з-за надзвычайнай пажарнай пагрозы. Небяспечная гідраметэаралагічная з'ява захаваецца з 20 да 22 верасня, папярэджваюць сіноптыкі.
Паводле звестак Белгідрамета, у пятніцу, суботу і нядзелю ў гэтых рэгіёнах чакаецца 5-ы клас пажарнай небяспекі - максімальны ўзровень пажарнай небяспекі. МНС адзначае, што ў такі перыяд высокая верагоднасць прыродных пажараў, якія могуць пагражаць населеным пунктам і інфраструктуры.
Прагноз на 20 верасня: ноччу тэмпература складзе +3..+9°С, месцамі да +13°С, днём - ад +19 да +25°С. Ападкаў не чакаецца, магчымы ранішні туман. Вецер слабы, паўночна-ўсходні, днём сярэдні.
У суботу, 21 верасня, сіноптыкі абяцаюць яснае надвор'е без дажджоў, тэмпература ноччу - +3..+10°С, удзень - +18..+25°С.
У нядзелю, 22 верасня, чакаюцца "халаднаватыя паветраныя масы" з поўначы Еўропы. Ападкаў не будзе, тэмпература ўночы - +3..+10°С, удзень - ад +15°С на поўначы да +23°С на поўдні.
Тэлеграм-канал Nadvorie таксама папярэджвае аб магчымым уварванні арктычнага холаду ноччу з 21 да 22 верасня, якое закране паўночныя і паўночна-ўсходнія раёны Беларусі. У Віцебскай і Магілёўскай абласцях прагназуюць тэмпературу да +2..+4°С і замаразкі на глебе.
Аднак ужо да панядзелка, 23 верасня, халодны антыцыклон перамесціцца на паўднёвы ўсход, і вецер зменіцца на паўднёва-ўсходні, што прывядзе да пацяплення да +22..+26°С. Цёплае надвор'е захаваецца да 27 верасня, калі праз Беларусь пройдзе халодны фронт з паўночнай Атлантыкі, і тэмпература зноў панізіцца.