3 верасня 2024, aўторак, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Пуціну спатрэбіўся візіт у Манголію?

33
Навошта Пуціну спатрэбіўся візіт у Манголію?

Ёсць некалькі прычын.

Пуцін наважыўся на візіт у Манголію, дзе яму можа пагражаць арышт згодна з ордэрам Міжнароднага крымінальнага суда. Чаму кіраўніку Крамля гэтак важная гэтая паездка? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітычным дзеячам, экс-дэпутатам Вярхоўнай Рады Барыславам Бярозай:

- Візіт у Манголію быў здзейснены толькі пасля таго, як Крэмль атрымаў стоадсоткавыя гарантыі, што Пуцін не будзе затрыманы. А яму якраз і патрэбен быў візіт у краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут, але не выканала б узятыя на сябе абавязанні. Гэта і адбылося.

Акрамя таго, трэба яшчэ на адну рэч звярнуць увагу - візіт Пуціна быў не толькі для таго, каб нанесці аплявуху Міжнароднаму крымінальнаму суду, але і для ўласных інтарэсаў, у рамках якіх ёсць і продаж газу, супрацоўніцтва і шмат чаго яшчэ.

У апошні час «Газпрам» стаў глыбока стратным, і цяпер Пуціна цікавіць выратаванне гэтай кампаніі. Калі ў 2021-м годзе «Газпрам» быў выгадны і прыносіў мегапрыбытак, то на сёння дзень афіцыйныя справаздачы паказваюць вялізныя страты. Таму зараз робіцца спроба выратавання кампаніі і іншых праектаў, якія дапамагаюць узбагачацца асабіста Пуціну, а «Газпрам» - гэта акурат яго кішэнная структура.

Таксама трэба разумець, што краіны, якія блізкія да Кітая, дастаткова важныя для геапалітычных гульняў Крамля. Таму для Пуціна Манголія важная і ў ягоным кантэксце яго стасункаў з Пекінам.

- Ці будзе дзейнічаць ордэр Міжнароднага крымінальнага суда, ці прэцэдэнт з Манголіяй паказаў, што міжнароднае правасуддзе не будзе працаваць?

- Калі Пуцін планаваў візіт у ПАР, то кіраўнік краіны паведаміў, што той можа прыязджаць. Але суд заявіў, што прыехаць ён можа, але будзе затрыманы і выдадзены Міжнароднаму крымінальнаму суду. Пасля гэтага Пуцін скасаваў сваю паездку ў ПАР, у Манголіі ж ён атрымаў гарантыі.

Гэта ў чарговы раз паказвае, што, на жаль, большасць дамоўленасцей, якія ўважаліся класічнымі гарантыямі бяспекі ў свеце, зараз пад пагрозай. Можна сказаць, што знішчэнне працы такіх інстытуцый пачалося пасля 2014 года, калі Пуцін развязаў вайну супраць Украіны.

Тут абсалютна комплексная гісторыя, якая пакуль што паказвае перамогу Пуціна над міжнародным правам. На жаль, гэта трэба канстатаваць, як і трэба зрабіць высновы і паглядзець, якая будзе рэакцыя на такія дзеянні Манголіі. Калі Манголіі ўсё сыдзе з рук і ніякіх наступстваў для яе не будзе, то фактычна можна будзе казаць аб тым, што кожная краіна, якая ўважае для сябе выгадным праігнараваць узятыя на сябе абавязанні, будзе гэта рабіць.

- У беларускай апазіцыі папулярная ідэя дамагацца ордэра на арышт Лукашэнкі? Ці будзе гэта дзейсным метадам?

- З пункту гледжання інфармацыйнага складніку - вядома. Гэта будзе чарговая аплявуха, якая яшчэ раз пакажа стаўленне міжнароднай супольнасці да вусатага дыктатара. А вось з пункту гледжання эфектыўнасці пакарання - пакуль не.

Больш за тое, давайце шчыра казаць, а колькі ёсць выкананых такіх пастаноў Міжнароднага крымінальнага суда, каб казаць аб тым, што ён эфектыўны? Паглядзеўшы на статыстыку, мы, на жаль, можам сказаць, што, на жаль, неэфектыўны. Таму нават у дачыненні да вайны Расеі супраць Грузіі прызначаныя вінаватымі былі некалькі дробных сошак, а не расейскае кіраўніцтва або Расея. Таму тут мы павінны дакладна ўсведамляць, што ёсць нашы жаданні, а ёсць рэальнасць, якая пакуль паказвае неэфектыўнасць гэтай інстытуцыі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках