«Такога цяпла Беларусь ніколі не бачыла»
- 28.01.2025, 10:24
- 5,490
Тэмпература больш падобная да пачатку красавіка.
Мінулы панядзелак, 27 студзеня, увайшоў у гісторыю метэаназіранняў Беларусі. Нягледзячы на тое, што на календары яшчэ зіма, слупок тэрмометра нібы гаворыць нам пра адваротнае. Паводле звестак Белгідраметцэнтра, максімальная тэмпература была зафіксаваная ў Пінску — +12.8°С. У Менску дзённы максімум быў вышэйшы за папярэдні на 3,5°С, а ў Віцебску і зусім на цэлых на 4°С, піша «Тэлеграф».
У тэматычным канале аб надвор'і «Метэавайб» падкрэслілі, што «такога цяпла Беларусь у канцы студзеня яшчэ не бачыла». Пры гэтым размова ідзе аб усёй гісторыі метэаназіранняў у краіне. Нягледзячы на тое, што краіна павінна перажываць зараз самую халодную пару года, тэмпература больш падобная да пачатку красавіка.
«Ужо з сённяшняга дня на метэастанцыях пачнуць абнаўляцца не толькі сутачныя максімумы, але і рэспубліканскія максімумы дня. Такая эстафета рэкордаў можа працягнуцца да 1 лютага. Месцамі сярэднедзённыя тэмпературы будуць вышэйшыя за норму на 8-10°С і будуць адпавядаць пачатку красавіка», — адзначылі спецыялісты.
Тэмпература на 15:50 27 студзеня
Дзе ў краіне пабітыя рэкорды?
Віцебск - 8.3°С (папярэдні - 4.3°С у 1990 годзе),
Горкі - 5.4°С (папярэдні - 4.0°С у 1990 годзе),
Менск - 9.0°С (папярэдні - 5.5°С у 1983 годзе),
Баранавічы - 9.1°С (папярэдні - 7.5°С у 1983 годзе),
Бабруйск - 8.8°С (папярэдні - 7.7°С у 1990 годзе),
Берасце - 12.4°С (папярэдні - 10.0°С у 1983 годзе),
Пінск - 12.8°С (папярэдні - 9.3°С у 1990 годзе),
Васілевічы - 7.4°С (папярэдні - 7.2°С у 1990 годзе).
Таксама спецыялісты «Метэавайба» адзначылі, што, паводле апошняга доўгатэрміновага колькаснага прагнозу мадэлі CFS E3, люты па-ранейшаму чакаецца цяплейшым, чым у сярэднім у 1991-2020 гадах. «Аднак гэта не выключае магчымасці часовых зімовых эпізодаў», – звярнулі ўвагу экспэрты.
Сістэма прагназавання клімату СFS (Climate Forecasting System version 2) - гэта цалкам сумешчаная дынамічная сістэма прагназавання стану акіяна, глебы і атмасферы. Гэта першая гідрадынамічная мадэль, якая прадэманстравала дастатковы ўзровень паспяховасці прагнозаў прыземнай тэмпературы і ападкаў на ўзроўні дзейных статыстычных метадаў.
«Такія высокія значэнні тэмпературы паветра сапраўды не характэрныя для зімы. Хутчэй за для сакавіка і нават для пачатку красавіка. У найбліжэйшыя дні анамалія толькі будзе ўзмацняцца. Уночы на сераду тэмпература ў краіне будзе +2…+8°С, а ўдзень у сераду варта чакаць ад 5°С да 12°С», - адзначыла начальніца службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Таццяна Чатырка.
А снег будзе?
Згодна з прагнастычнай мадэллю ICON, невялікія ападкі ў выглядзе снегу чакаюцца ў Беларусі з 1 да 4 лютага, аднак на сумёты спадзявацца не варта. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў Белгідрамеце, спрагназаваўшы на пачатак месяца малы сняжок.
Таццяна Чатырка дадала, што ў сярэднім тэмпература ў лютым будзе вышэйшай за норму, аднак такіх анамальных значэнняў, як у студзені, ужо не будзе. «На працягу месяца дзесьці на тэрыторыі краіны на непрацяглы час можа яшчэ ўсталявацца снежнае покрыва», – распавяла яна Інтэрнэт-парталу Onliner.