СМІ: Новую рэзідэнцыю Лукашэнкі фінансавалі ўкраінскія бізнесмены, якіх вышуквае СБУ
1- 29.10.2025, 11:19
- 10,166
Украінскія журналісты патэлефанавалі ім.
Кіпрская кампанія, якой валодае маці аб'яўленага ў вышук Службай бяспекі Украіны львоўскага бізнесмена Віталя Бобыра, прадастаўляла крэдыты расійскай фірме, што будуе расійскую рэзідэнцыю Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў сумесным расследаванні «Слідства.Інфо» і БРЦ.
Паводле расследавання, кіпрская «Rostumel Holding Limited» у 2024 годзе дала ў крэдыт паўтара мільёна долараў ЗША расійскай фірме «Комплекс-Інвест», якая з'яўляецца ініцыятарам будаўніцтва рэзідэнцыі. Яе сузаснавальнік — былы супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі — Аляксандр Раманаўскі. Паводле слоў экс-дырэктара «Комплекс-Інвеста», кампанія фінансуецца выключна за кошт запазычаных сродкаў.
Даследчыкі ўстанавілі, што большасць крэдытораў — гэта фірмы, звязаныя з асяроддзем Лукашэнкі. Сярод іх — «Rostumel Holding Limited». Гэта фірма належыць 72-гадовай львоўянцы Ірыне Бобыр.
Яна — маці Віталя Бобыра, бізнесмена, якога з мая 2023 года вышуквае Служба бяспекі Украіны. Бобыр, як паведамлялі ў спецслужбе, пастаўляў у Беларусь і Расію «Ролс-Ройсы» і «Майбахі» ў абыход санкцый. Акрамя гэтага, Віталь Бобыр мае дачыненне да перавалкі падсанкцыйных беларускіх мінеральных угнаенняў у порце Санкт-Пецярбурга. Пра гэта гаварылася ў расследаванні праекта «Схемы».
У сакавіку 2023 года ў межах крымінальнай справы суд у Кіеве арыштаваў рэчы, знойдзеныя ў Віталя Бобыра падчас вобшукаў: дакументы, тэхніку і пячаткі двух дзясяткаў кампаній з Украіны, адной з Беларусі і двух кіпрскіх. Адна з іх — тая самая «Rostumel Holding Limited». У перапісцы на адным з канфіскаваных тэлефонаў Бобыр сцвярджаў, што яго кумам з'яўляецца высокапастаўлены беларускі чыноўнік, «другі чалавек у Беларусі». З высокай верагоднасцю гаворка ішла пра аднаго з найбліжэйшых саюзнікаў Лукашэнкі Віктара Шэймана — экс-кіраўніка Упраўлення справамі Прэзідэнта Беларусі.
У адказ на пытанне журналістаў «Слідства.Інфо» пра фінансаванне будаўніцтва комплексу «Красная поляна» Віталь Бобыр адзначыў: «Я наогул не разумею, пра што вы кажаце. Мая мама не з'яўляецца ўладальніцай ніякай кампаніі». Журналістам не ўдалося пагутарыць з Ірынай Бобыр.
Журналістам удалося атрымаць відэа будаўніцтва рэзідэнцыі з беспілотніка. Паводле дакументацыі, комплекс складаецца з галоўнага дома (на 3000 квадратных метраў), трох катэджаў (па 700 «квадратаў», у кожным з іх — басейн і лазня), будынкаў для аховы і персаналу. Канструкцыя агароджы прадугледжвае абарону ад падкапу. Галоўны дом спраектаваны з улікам выкарыстання інваліднага крэсла (пра праблемы Лукашэнкі з каленам і спінай паведамлялі СМІ).