Яўген Афнагель: Шлях да перамогі складаецца з некалькіх этапаў
8- 9.10.2025, 22:29
- 10,454
Фота: Белсат
Змены могуць адбыцца вельмі хутка.
Хто стаіць за атакамі метэазондаў на Літву? Такое пытанне сайт Charter97.org задаў былому палітвязню, каардынатару грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю:
— Беларускія спецслужбы каардынуюць сваю дзейнасць з расійскімі, яны саюзнікі. Без іх ведама і ўдзелу правесці такія маштабныя аперацыі (нагадаю, паветраныя шары з’яўляліся адначасова ў розных раёнах Літвы) немагчыма. Да таго ж, гаворка ідзе не толькі пра метэазонды. За апошнія два месяцы паветраную прастору Літвы парушалі таксама дроны і самалёты. У верасні была атака на Польшчу, абломкі расійскіх беспілотнікаў знаходзілі ў Латвіі.
Гэта не выпадковыя падзеі, а звёны аднаго ланцуга — частка гібрыднай вайны, якую беларускі і расійскі рэжымы вядуць супраць Еўропы. Мэты могуць быць розныя — ад аналізу рэакцыі на падобныя падзеі з боку краін-суседзяў Беларусі, з боку ЕС і НАТА да зандзіравання сістэмы СПА і разведкі.
Акрамя таго, нельга забываць пра прамы ўрон: толькі цягам аднаго тыдня аэрапорт Вільні быў вымушаны спыняць працу чатыры разы, былі адменены дзясяткі рэйсаў, авіякампаніі нясуць страты. Змены маршрутаў прывялі да затрымак і нязручнасцяў для пасажыраў. Думаю, ужо цяпер многія турысты задумваюцца, ці варта ляцець у Літву ў бліжэйшы час.