У Глыбокім па памылцы ў «дармаеды» запісалі сотні чалавек
4- 1.11.2025, 17:07
- 7,854
Беларусы эмацыйна адрэагавалі на гэта.
У Глыбокім, як і па ўсёй Беларусі, працуе «камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва» — у народзе яе называюць «камісіяй па дармаедах». Мясцовыя чыноўнікі сапраўды працуюць «пладатворна»: за паўгода правялі 16 пасяджэнняў і ўключылі ў спіс дармаедаў 3172 чалавекі.
Журналісты BGmedia падлічылі, што пры насельніцтве раёна ў 33 тысячы чалавек гэта прыкладна кожны адзінаццаты жыхар — каля 9%. Калі лічыць толькі працаздольных (прыкладна 18 тысяч чалавек), то атрымліваецца, што ў дармаеды запісаны кожны шосты, або каля 16,7%.
На пасяджэнні камісіі былі запрошаныя 1938 чалавек. Супрацоўнікі РАУС «аказалі садзейнічанне ў працаўладкаванні» 21 грамадзяніну. Такі «ўражлівы» паказчык эфектыўнасці не можа не выклікаць пытанняў. Яшчэ 436 чалавек накіравалі на біржу працы, пасля чаго толькі 32 з іх знайшлі працу. Таксама ўражвае, ці не так?
Пазней камісія выявіла памылкі: у спісы трапілі студэнты, зняволеныя, вайскоўцы, шматдзетныя маці і іншыя, хто паводле закона не можа лічыцца дармаедам. Такіх аказалася 345 чалавек. Сярод іх — тыя, хто працуе ў краінах ЕАЭС, займаецца сельскай гаспадаркай на ўласных дзялянках, выхоўвае малых дзяцей, служыць у арміі або вучыцца за мяжой. Іх камісія гераічна выкрасліла, хоць спачатку сама ж іх і ўпісала.
Беларусы актыўна каментавалі навіну. «Найбольшыя дармаеды — гэта тыя, хто ў камісіі сядзіць», — адзін з папулярных каментарыяў.
«Запісалі людзей у дармаеды. Далей што? За калючы дрот зганяць будуць?».
«Няўжо не зразумела, што дармаедства не будзе, пакуль людзям не пачнуць плаціць прыстойны заробак. Каб можна было дзяцей у школу сабраць без крэдытаў».
«Спачатку запісваюць, потым выкрэсліваюць — справа ідзе, кантора піша. А сістэма, калі сам знайшоў працу, але ўсё роўна мусіш ісці на біржу, каб ім паставілі птушачку! Сам праз гэта праходзіў».
«Колькі чалавек у камісіі і якая ў іх зарплата?».
«Гэта яшчэ адна з сотняў прычын, чаму моладзь з'язджае».
«Ай ды малайцы! Стараюцца, працуюць!».
«У іх план па дармаедах, як у 1937-м па ворагах народа?».
«Глыбокае! Развалілі калгасы, заробкаў няма, а цяпер шукаюць — каго адправіць працаваць у калгас! Проста смешна».