У Мінабароны РФ адрапартавалі пра «знішчэнне» неіснуючай брыгады ЗСУ
4- 1.11.2025, 21:34
- 4,696
У РФ распавялі пра новыя віртуальныя «перамогі» на фронце.
Расійскае Мінабароны чарговы раз рапартуе, як армія РФ атрымлівае на фронце адну «перамогу» за другой. Аднак у гэтых «рапартах» ёсць нюанс.
Пра гэта паведамляе Telegram аператыўна-тактычнай групоўкі «Харкаў».
У прыватнасці, у РФ заявілі, што «адбілі» атаку ЗСУ ў паўночна-захаднім накірунку (ідзецца пра Купянскі накірунак) з мэтай выхаду з акружэння.
«Знішчана восем баевікоў 16-й механізаванай брыгады ЗСУ. Акрамя таго, спыненыя дзве спробы дэблакавання акружаных фармаванняў падраздзяленнямі 151-й механізаванай брыгады ЗСУ і 15-й брыгады Нацгвардыі ў раёнах населеных пунктаў Пятроўка і Вялікая Шапкоўка Харкаўскай вобласці. Знішчана да 20 баевікоў», — кажуць у Мінабароны РФ.
Аднак ёсць нюанс — Расія зноў знаходзіцца ў віртуальнай рэальнасці, малюючы сабе «перамогі». У АТГ «Харкаў» распавялі, што 16-й механізаванай брыгады ЗСУ ўвогуле не існуе.
«На гэты раз яно (Мінабароны — рэд.) на сваім афіцыйным канале паведаміла пра перамогу на Купянскім накірунку, дзе быў нанесены ўдар па 16-й механізаванай брыгадзе ЗСУ. Але ёсць адзін нюанс — такой брыгады ў Узброеных Сілах проста не існуе. Таму каго перамагло ў віртуальнай бітве Мінабароны РФ, застаецца загадкай...», — напісалі вайскоўцы.