Якія прадукты ў беларускіх крамах можна купіць за пяць рублёў?
12- 16.11.2025, 11:32
- 5,038
Эксперымент.
Застаўся адзін дзень да заробку, а на картцы баланс набліжаецца да нуля? Бываюць сітуацыі, калі даводзіцца мацней падцягнуць паясы. Журналіст Myfin.by вырашыў праверыць: ці рэальна зэканоміць на ежы? Для эксперыменту выбралі экстрэмальна абмежаваны бюджэт — усяго пяць рублёў на дзень, — а па пакупкі адправіліся ў самыя даступныя гандлёвыя сеткі.
«Светофор»
Крама-склад адрозніваецца максімальна прывабнымі цэнамі і выгаднымі пазіцыямі, вось толькі разлічана гандлёвая сетка на закуп буйнымі аб’ёмамі.
Адшукаць тавар коштам да 1 рубля практычна немагчыма, пры гэтым на некаторых таварах красуецца надпіс «гуртовы продаж». Авантура ўкласціся ў пяцірублёвы бюджэт і набыць паўнавартасны набор прадуктаў, каб харчавацца ўвесь дзень, на першы погляд здаецца невыканальнай.
У аддзеле мяса-малочнай прадукцыі становіцца зразумела, што сыркі і іншыя перакусы нам не па кішэні. У якасці асноўнай стравы бярэм паштэт са смакам куранай печані 240 г за 2,13 руб. і хлебцы за 1,34 руб. На гарнір падыдзе кансерваваны гарошак, аб’ём слоіка — 400 г, а цана — 1,50. Усяго патрацілі 4,97 рублёў. Рацыён атрымаўся сціплым, але варта адзначыць, што прадукты ўдасца расцягнуць на дзень, а ў кошыку няма шкоднасцяў і локшыны хуткага прыгатавання.
Другі варыянт эканамічнага меню зробім з упорам на грэчку па 1,61 руб. за 800 г, а ў дадатак да кашы бярэм дзіцячую мясную кансерву «Индейка и овощи» 100 г за 1,88 руб. У якасці дэсерту можна ўзяць салодкі тварожны сырок са смакам манга 100 г за 1,23 руб. альбо адразу дзве пачкі марожанага за 55 капеек. У абедзвюх камбінацыях з рознымі дэсертамі ўдалося выканаць пяцірублёвы ліміт.
«Евроопт»
Не пойдзем лёгкім шляхам, набыўшы дзве бульбіны або качан капусты. Зноў аддаём перавагу крупам. Напрыклад, ячневая абыдзецца ўсяго ў 0,89 руб. за паўкіло. Паколькі атрымалася закрыць пытанне з гарнірам да рубля, можам дазволіць сабе крабавы салат 150 г за 1,79. На абед асноўнай стравай стане вермішэлевы суп або юха ўсяго за 0,89. Астатку сумы цалкам хопіць на дэсерт — у аддзеле з выпечкай знаходзім зефір уласнай вытворчасці за 1,47. Выніковы чэк выйшаў на 5,04 рубля. Але можна пашукаць зефір лягчэйшы або прыкласці дысконтную карту сеткі і зменшыць суму пакупак за кошт бонусаў.
У якасці альтэрнатыўнага набору прапануем вермішэль 450 г за 0,94 руб. прыправіць таматным соусам за 0,89. З мяснога бярэм дзіцячы паштэт «Мишутка» за 1,45. На астатак сумы можна прыкупіць хлебцы «Бародзінскія» за 1,19. На гэты раз засталіся без салодкага, але са здачай у кішэні: закупіцца прадуктамі ўдалося ўсяго за 4,47 руб.
«Три цены»
Крама «Тры цэны» прапануе ядомыя тавары ў меншай ступені, але на паліцах удалося адшукаць некаторыя прыдатныя варыянты. Адразу адзначаем, што макаронныя вырабы даражэйшыя, чым у «Еўраопце». Найбольш даступная пачка каштуе 1,51 руб. Кілька «Белорусская» ў таматным соўсе падкупляе цаной — 1,99. На дэсерт бярэм халву ў шакаладзе за 1,01. Змаглі ўкласціся ў 4,60 рубля.
Прабуем сабраць другі варыянт прадуктовага кошыка. Бедны асартымент падштурхоўвае ўзяць дзве ўпакоўкі локшыны хуткага прыгатавання «Сычуаньский микс» са смакам курыцы або ялавічыны па 0,68 руб. Класічныя мясныя каўбаскі за 2,47 руб. дапамогуць зрабіць абед сапраўды сытным. На салодкае даступным па цане аказалася фруктовае пюрэ за 1,07 руб. На гэты раз выніковая сума — 4,90 рубля.
Fix Price
У сетцы нізкіх цэн на паліцах у асноўным прадстаўлены салодкасці. З умоўна нармальнай ежы заўважаем вермішэлевы суп са смакам курыцы роўна за 1 рубель. Дарэчы, на ўпакоўцы пазначана, што змесціва разлічана на чатыры порцыі. У такую ж вартасць абыдзецца яшчэ адзін варыянт першай стравы — гарачая кружка з сухарыкамі. У якасці сытнай артылерыі зноў выступіць кілька «Белорусская», але даражэй на капейку, чым у «Тры цэны». У прыхапак да рыбы пойдзе локшына «Петра» за 50 капеек, а на дэсерт — салідны тульскі пернік за 1,50 руб. з начынкай. У якасці альтэрнатывы перніку можна купіць сунічнае печыва за рубель і кісяль з водарам журавін за 28 капеек. Удалося ідэальна ўкласціся ў запланаваны бюджэт.
Меню без вытанчанасцяў. Што ў выніку?
Пры бюджэце ў пяць рублёў вы дакладна не застанецеся галоднымі, аднак разнастайныя вытанчанасці з меню давядзецца выключыць. Акрамя таго, падчас эксперыменту не атрымалася закупіцца прадуктамі так, каб дакладна падзяліць іх на тры разнастайныя прыёмы ежы. І, хутчэй за ўсё, не ўдалося вытрымаць ідэальную норму КБЖУ, але калі ў прыярытэце эканомія, то ўкласціся ў мінімальную суму на ежу цалкам рэальна.