Лукашысты закрылі краму, дзе прадавалі ёлачныя ўпрыгожанні з Геніюш
6- 16.11.2025, 15:38
- 8,108
Іншых тлумачэнняў прыпынення працы не паведамляецца.
«Калядная Крама», у якой прадаваліся ёлачныя цацкі з выявай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, не будзе працаваць 16 і 17 лістапада. Такое паведамленне з’явілася ў сацсетках крамы, піша «Зеркало».
У размешчаных аб’явах паведамляецца, што «Калядная Крама» часова не працуе.
«16 і 17 лістапада «Калядная Крама» зачынена па тэхнічных прычынах», — пазначана ў сторыз крамы ў Instagram.
Іншых тлумачэнняў прыпынення працы не паведамляецца.
Нагадаем, 14 лістапада з крытыкай на «Калядную Краму» абрынуліся прапагандысты. Іх абурылі выстаўленыя на продаж ёлачныя шары з партрэтам беларускай паэткі Ларысы Геніюш.
Праз пару гадзін пасля скандалу ўпрыгажэнні знялі з продажу.
Ларыса Геніюш уваходзіла ў Раду БНР, у 1943 годзе была прызначаная генеральнай сакратаркай урада БНР. У СССР Ларысу Геніюш асудзілі на 25 гадоў зняволення. Яе вызвалілі ў 1956 годзе, пасля чаго разам з мужам жыла ў Зэльве.
Геніюш не была рэабілітаваная ні напрыканцы 1980-х, ні ў незалежнай Беларусі. Некалькі гадоў таму прапагандысты пачалі новы крыжовы паход супраць памяці паэткі. Ля царквы ў Зэльве прыбралі помнік, усталяваны з благаславення мітрапаліта Філарэта.