Беларусы ў шоку ад цэн на жыллёва-камунальныя паслугі
35- 16.11.2025, 18:18
- 32,022
«Дармаеды» не могуць паверыць лічбам у жыроўках.
Беларусы ў шоку ад цэн на жыллёва-камунальныя паслугі для тых, хто трапіў у «дармаеды». Жыхарка Полацка, муж якой працуе ў Еўропе, апублікавала ў Threads сваю жыроўку, звярнула ўвагу «Точка».
«Ну што, беларусы, расказвайце, каму таксама прыйшлі пацяжэлелыя жыроўкі з аплатай па поўным кошце і колькі вам выставілі? Я пачну, 63 кв. м — 349,47».

Іншая жанчына адказала ёй: «Добры дзень. У нас 59 кв. м, зарэгістраваны 1 чалавек, а сума 369 рублёў. Куды звяртацца?»
«Усім прывітанне, мяне завуць Андрэй, і я дармаед, які працуе ў Еўропе. Жыроўка 200+ за амаль 70 кв. м», — напісаў іншы беларус.
У шоку і яшчэ адна аўтарка каментара: «А вось падкажыце, я ў дэкрэце, 20 м², прыйшлі камунальныя — 312 р».
Пры гэтым не ўсе разумеюць, з чым звязана рэзкае павышэнне кошту.
«Мне больш цікава, чаму я, працуючы афіцыйна ў Беларусі, таксама павінна аплаціць гэтую камуналку за свае 50% кватэры, толькі таму, што кватэра запісана на мужа. Я мужу не нянька і не мамка, ён сам вырашае, як і дзе працаваць і зарабляць».
Рэкорд жа аказаўся ў дзяўчыны, якой давядзецца заплаціць больш за 745 рублёў.

У Беларусі з 1 кастрычніка змяніўся парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для грамадзян, не занятых у эканоміцы. Раней памер платы залежаў ад факта рэгістрацыі ўладальніка ў кватэры і колькасці тых, хто пражывае.
Напрыклад, калі ў кватэры, якая належыць афіцыйна беспрацоўнаму грамадзяніну, зарэгістраваныя і пражываюць трое, то павышаны тарыф ужываўся толькі да часткі плошчы. Новыя правілы адмянілі гэты прынцып.
Цяпер, калі грамадзянін прызнаны не занятым у эканоміцы, на ўсе кватэры, якія яму належаць (незалежна ад іх колькасці), і на ўвесь аб’ём спажывання па ключавых паслугах налічваецца поўны тарыф.