ЗША і Кітай адкрыюць каналы сувязі паміж вайскоўцамі
1- 2.11.2025, 9:11
- 1,476
Кіраўнік Пентагона раскрыў падрабязнасці.
Злучаныя Штаты і Кітай дамовіліся стварыць новыя каналы сувязі паміж вайскоўцамі «для развядзення канфліктаў і дэскалацыі любых пытанняў, што ўзнікаюць».
Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства вайны ЗША Піт Хегсет, паведамляе CNN.
Кіраўнік Пентагона распавёў, што пасля сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам у Паўднёвай Карэі, ён правёў на гэтым тыдні «не менш пазітыўную» сустрэчу з міністрам нацыянальнай абароны Кітая Дон Джунам у Малайзіі.
«Мы з адміралам згодныя, што мір, стабільнасць і добрыя адносіны — найлепшы шлях наперад для нашых дзвюх вялікіх і магутных краін», — напісаў Хегсет у сацсетцы X.
Далей ён узгадаў словы Дональда Трампа, які сказаў, што яго гістарычная сустрэча «Вялікай двойкі» задала тон вечнаму міру і поспеху ЗША.
«Міністэрства вайны будзе рабіць тое ж самае — мір праз сілу, узаемную павагу і пазітыўныя адносіны», — падкрэсліў Хегсет.
Ён дадаў, што абодва бакі запланавалі дадатковыя сустрэчы для фармалізацыі гэтых намаганняў па каардынацыі.