«Вартавы свабоды»: у Францыі хочуць падараваць ЗША новую найвышэйшую на Захадзе статую
5- 2.11.2025, 11:45
- 4,738
Ідэя мае гістарычную паралель.
Французскія скульптары кажуць, што пабудуюць найвышэйшую на Захадзе статую і падаравуць яе ЗША да юбілею незалежнасці.
Парыжская кампанія Atelier Missor прыдумала незвычайны падарунак амерыканцам. Яны заявілі, што пабудуюць найвышэйшую на Захадзе статую і падаравуць яе ЗША да Дня незалежнасці наступнага года, піша Newsweek.
4 ліпеня 2026 года ЗША будуць святкаваць 250-годдзе існавання дзяржавы. Да гэтага свята, лічаць скульптары з Atelier Missor, падыдзе статуя «Вартавы свабоды».
«Пасля месяцаў напружанай працы мы з гонарам прадстаўляем статую, якую мы пабудуем у гонар 250-годдзя Злучаных Штатаў», — напісалі яны ў сетцы X, па тэлефоне пацвердзіўшы сапраўднасць намераў карэспандэнтам выдання.
Статуя адлюстроўвае атланта ў павязцы на сцёгнах, які нясе вялікі шар. Скульптары паказалі вялікі макет, які ўжо цяпер дэманструе іх намер уразіць гледачоў. Паводле задумы, статуя будзе гіганцкай — найвышэйшай у заходнім паўшар'і, і выкананай з тытану, каб вытрымаць выпрабаванне часам.

Скульптары не ўказалі, якой вышыні будзе іх твор. Але пакуль найвышэйшай статуяй на Захадзе лічыцца «Нараджэнне Новага Свету» ў Пуэрта-Рыка. Яна таксама вядомая як помнік Хрыстафору Калумбу і з вышынёй 117 метраў з'яўляецца найвышэйшай статуяй у Амерыцы.
Для параўнання, манумент «Маці-Радзіма» ў Кіеве мае вышыню 102 метры. Цяпер яна з'яўляецца найвышэйшай статуяй у Еўропе.
Як пішуць у Atelier Missor, у іх ужо ёсць прапановы па фінансаванні будаўніцтва. Але сапраўднай праблемай яны называюць працэс атрымання віз, каб можна было пачаць работы.
Гэта ідэя мае гістарычную паралель. Бо вядомая Статуя Свабоды была падораная амерыканскай нацыі народам Францыі ў 1886 годзе ў гонар 100-годдзя незалежнасці Амерыкі. Праўда, тады на яе выраб спатрэбілася 9 гадоў, на дастаўку — 6 месяцаў, і яшчэ 4 месяцы заняў мантаж статуі непасрэдна на месцы ўстаноўкі.
Таму ідэя французаў ужо выклікала пэўны скепсіс. Бо заяўлены маштаб спатрабуе каласальнай працы. Гэта пры ўмове, што іх разлікі зроблены правільна і статуя такога маштабу будзе ўстойлівай.