БЧ хоча прыцягнуць мігрантаў з-за недахопу працоўных рук
11- 2.11.2025, 12:57
- 4,630
Кіраўніцтву накіравалі дакладную запіску.
Кіраўніцтва Беларускай чыгункі разглядае магчымасць прыцягнення мігрантаў для працы на прадпрыемстве. Такое даручэнне ў жніўні 2025 года было накіравана дзяржаўным органам Беларусі, піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Разгледзеўшы яго, яны накіравалі кіраўніцтву БЧ дакладную запіску, у якой, між іншым, указалі на праблемы, якія могуць узнікнуць.
Так, напрыклад, адзначаецца, што прыцягненне працоўных мігрантаў можа выклікаць напружанасць у працоўных калектывах і спрыяць іх распаду. Падобная ініцыятыва можа разбурыць карпаратыўную культуру, якая фармавалася дзесяцігоддзямі.
Акрамя таго, прыцягненне працоўных мігрантаў запатрабуе дадатковых выдаткаў — на пералёт, пражыванне, медыцынскае абслугоўванне і страхаванне.
Адзначаецца, што памер аплаты працы мігрантаў у Беларусі пачынаецца ад 2 тыс. бел. рублёў, што складае сярэдні памер заработнай платы на БЧ.
Кіраўніцтва БЧ дапускае магчымасць выкарыстання працы мігрантаў, аднак лічыць, што да адказных пасад іх дапускаць нельга.
«Супольнасць» нагадвае, што кіраўніцтва БЧ апошнім часам праводзіць палітыку маштабнага скарачэння колькасці работнікаў прадпрыемства, каб знізіць фінансавыя выдаткі. У першую чаргу ў ўпраўленні БЧ і ў аддзяленнях скарачаюць адміністрацыйна-кіраўнічы персанал і «невострабаваныя» пасады. З упраўлення за адзін дзень можа сысці 7–10 чалавек.
На перыферыі таксама захоўваецца востры недахоп людзей па рабочых спецыяльнасцях — перадусім вагоннікаў, пуцейцаў, састаўляльнікаў цягнікоў.
Такая кадравая палітыка абярнулася праблемамі для галіны, і цяпер БЧ вымушаная шукаць знешнюю працоўную сілу.