15 снежня 2025, панядзелак, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінску на месцы старадаўніх каталіцкіх могілак будуецца Акадэмія КДБ

19
У Мінску на месцы старадаўніх каталіцкіх могілак будуецца Акадэмія КДБ

Гэтае будаўніцтва парушае закон Беларусі.

У Мінску каля касцёла святога Роха, на месцы старадаўніх каталіцкіх могілак, узводзіцца нейкі шматфункцыянальны будынак. Паводле інфармацыі рэсурсу KATOLIK.LIFE гэта будзе новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі, падведамнай структуры КДБ.

Залатагорскія могілкі — адны з найстарэйшых і найбуйнейшых у Мінску. Знішчаць іх пачалі ў 1930-я гады ХХ стагоддзя, а ў 1980-я — знеслі і вывезлі надмагільныя пліты, зямлю разраўнялі. У 2017 годзе ўлады замацавалі іх за касцёлам святога Роха. Прыход уласнымі сіламі зрабіў тут дэндрапарк. У 2019 годзе тэрыторыю ўключылі ў ахоўную зону.

У гады Першай сусветнай вайны на Залатагорскіх могілках хавалі ахвяр нямецкіх бамбаванняў Мінска. У 1915–1916 гадах — мінскіх афіцэраў, якія памерлі ў шпіталях.

У чэрвені 2025 года ў гэтым раёне знеслі «глушылку» савецкіх часоў і некаторыя іншыя пабудовы. Зона будаўнічых прац закранула тэрыторыю, раней перададзеную прыходу, дзе ў новым дэндрапарку ўжо былі пасаджаныя кусты і дрэвы.

Пры рыцці катлавана будаўнікам траплялася шмат чалавечых костак. Іх сабралі і перадалі на экспертызу.

Гэтае будаўніцтва парушае закон Беларусі «Аб пахаванні і пахавальнай справе», у якім гаворыцца, што «выкарыстанне тэрыторыі былога месца пахавання пасля пераносу дазваляецца толькі пад зялёныя насаджэнні па заканчэнні дваццаці гадоў з моманту яго пераносу. Узвядзенне будынкаў і збудаванняў на гэтай тэрыторыі забараняецца».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках