Расіяне выводзяць частку войскаў з-пад Пакроўска
10- 2.11.2025, 18:40
- 26,778
155-я брыгада марскай пяхоты РФ амаль знішчаная.
Расія адвяла з Пакроўскага напрамку 155-ю брыгаду марскай пяхоты, якая раней удзельнічала ў баявых дзеяннях у Сірыі і на Кіеўшчыне. Пра гэта ў каментары «Суспільнаму» паведаміў штаб-сержант 117-й асобнай цяжкай механізаванай брыгады Аляксандр Воўк.
Па ягоных словах, на месца 155-й брыгады акупанты перакінулі менш падрыхтаваныя падраздзяленні — 108-ы матапяхотны і 68-ы танкавы палкі са складу 150-й дывізіі.
«Апошнім часам гэта падраздзяленне намаганнямі нашых вайскоўцаў амаль знішчанае, і яго цяпер выводзяць: тое, што засталося, выводзіцца, адбываецца замена на матапяхотныя падраздзяленні. Гэта сведчыць пра тое, што вораг панёс у зоне нашай адказнасці вялікія страты, і цэлае падраздзяленне стала небаяздольным», — растлумачыў штаб-сержант.
Вайсковец дадаў, што новыя расійскія падраздзяленні не арыентуюцца ў баявой абстаноўцы, нясуць вялікія страты падчас штурмаў і дзейнічаюць хаатычна. Нягледзячы на тое, што атакі ворага працягваюцца нават у складаных пагодных умовах, калі праца ўкраінскіх дронаў ускладненая, Узброеныя Сілы Украіны эфектыўна выяўляюць і знішчаюць праціўніка.
Расійскія войскі выкарыстоўваюць пяхоту, бранятэхніку, танкі і дроны, у тым ліку з аптавалаконным кіраваннем, каб паразіць украінскую лагістыку, аднак іх спробы застаюцца безвыніковымі.
Воўк адзначыў, што нягледзячы на спробы расійскіх вайскоўцаў прасоўвацца ўначы, выкарыстоўваючы тэрмакоўдры для маскіроўкі, гэта не дае выніку — украінскія абаронцы выяўляюць іх і знішчаюць.
Ён таксама патлумачыў, што падчас дажджу, калі праца ўкраінскіх дронаў ускладняецца, інтэнсіўнасць атак праціўніка ўзрастае. Затое ў яснае надвор'е расіяне пазбягаюць маштабных штурмаў, дзейнічаючы невялікімі групамі або паасобку.
Паводле слоў вайскоўца, акупанты спрабуюць прарваць абарону на напрамку Канстанцінаўка — Купянск, аднак большасць іх тэхнікі знішчаецца яшчэ да таго, як яна набліжаецца да пазіцый Узброеных Сіл Украіны.