14 снежня 2025, Нядзеля, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пасварыўся з усімі адразу

10
Лукашэнка пасварыўся з усімі адразу

Дыктатар апынуўся ў вельмі непрыемнай сітуацыі.

Што будзе з перамоўным працэсам паміж Беларуссю і ЗША, пакуль няясна. Амерыканцы сутыкнуліся з беларускай рэальнасцю. І яна ім не спадабалася. А гісторыя з паветранымішарамі на літоўскай мяжы паказвае, што тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Спроба рэжыму Лукашэнкі прымяніць яе правалілася.

Крызіс у перамоўным працэсе з ЗША

Даўно вядома, што скандальны палітычны стыль Аляксандра Лукашэнкі — частка яго палітычнага іміджу. Эпатаж на мяжы, а часам і за мяжой прыстойнасці, стаў візітнай карткай беларускага кіраўніка. Аднак нават на такім фоне канцэнтрацыя скандальных заяў, зробленых 31 кастрычніка, здаецца празмернай. Сядзячы на лаве ў вёсцы Дамжарыцы Лепельскага раёна, Лукашэнка прачытаў лекцыю пра міжнародную абстаноўку. Падчас лекцыі ён нецэнзурна аблаяў ЗША, выказаў жаданне прадаваць паветра Еўропе і расказаў, як літоўцы прыязджалі ў Беларусь, каб запускаць адсюль паветраныя шары з кантрабандай. І ўсё гэта на поўным сур'ёзе. Выказваючыся мовай літаратурнага класіка, «Астапа панесла».

Звычайна Лукашэнка маскіруе свае нервовыя зрывы скандальнымі заявамі. Падаецца, цяпер адбылося нешта падобнае. Але чаму ён сарваўся?

Можна сказаць, што гэта была рэакцыя на крызіс у перамоўным працэсе з ЗША. Прычым усё адбылося на роўным месцы, з‑за паветраных шароў. Мары пра «вялікую здзелку» рушацца, як лічыць беларускае кіраўніцтва, з‑за «дробязяў». Перамоўны працэс, карыстаючыся сучасным расійскім палітычным жаргонам, спатыкнуўся аб «рэальнасць на зямлі».

За апошнія паўтара месяца Лукашэнка чатыры разы згадваў пра «вялікую здзелку». Прычым гаворка пра «здзелку» для Беларусі не толькі з ЗША, але і з ЕС. Чакалася, што яна павінна ўключаць у сябе абмен палітычнымі ўступкамі «ўсё за ўсё», у прыватнасці, урэгуляванне «міграцыйнага крызісу», зняцце санкцый, вызваленне палітвязняў і г.д.

На каго аказваюць ціск ЗША?

Тут дысананс узнік з‑за таго, што ЕС не далучыўся да перамоўнага працэсу паміж Беларуссю і ЗША. Паводле развагаў Лукашэнкі, галоўнае — дамовіцца з Вашынгтонам. Бо, як ён лічыць, ЕС не з'яўляецца самастойным палітычным суб'ектам: што б ні сказаў Дональд Трамп, Еўропа будзе рабіць. Таму ва ўзаемаадносінах з краінамі ЕС, перадусім з суседзямі, неабходна весці палітыку з пазіцыі сілы, аказваць ціск, каб дамагчыся ўступак. Напрыклад, з дапамогай нападаў мігрантаў.

Але, згодна з нармальнай логікай, у ходзе перамоўнага працэсу бакі не павінны былі рабіць крокі да эскалацыі канфлікту. Да нападаў мігрантаў усе ўжо прывыклі, яны сталі новай нормай. Аднак гэтая гісторыя з кантрабанднымі паветранымі шарамі здарылася менавіта цяпер.

Цяжка сказаць дакладна, ці была гэта мэтавая спецаперацыя беларускіх сілавікоў, каб нашкодзіць суседзям, ці гэта быў нейкі стыхійны працэс, у які беларускія ўлады вырашылі не ўмешвацца. Аднак паветраныя шары паралізавалі працу Вільнюскага аэрапорта, што, магчыма, стала непрадбачаным наступствам. І ў выніку разгарэўся гучны скандал.

І тут адбылася цікавая падзея. Мінск чакаў, што ЗША акажуць ціск на краіны ЕС, каб прымусіць іх далучыцца да беларуска‑амерыканскай дамоўленасці. Аднак адбылося наадварот. Літва паскардзілася ў Вашынгтон, у выніку чаго ЗША запатрабавалі ад Мінска не толькі спыніць атакі з выкарыстаннем паветраных шароў, але і папрасіць прабачэння (што асабліва абурыла Лукашэнку). Пазіцыя амерыканцаў ясная: параліч аэрапорта — гэта ўжо не проста праблема двухбаковых адносін Беларусі і Літвы, гэта пытанне бяспекі міжнароднай авіяцыі.

Лукашэнка апынуўся ў непрыемнай сітуацыі. Для яго прабачэнні — невыканальная задача. Бо «лідар», якім ён сябе лічыць, «патрыярх сусветнай палітыкі», не можа памыляцца.

Няправільныя павароты

Цікава паглядзець, як Лукашэнка спрабаваў выкруціцца з гэтай непрыемнай сітуацыі з паветранымі шарамі. Першая рэакцыя — нічога страшнага, літоўцы «прыдумалі абсурдную нагоду», каб сарваць канферэнцыю па еўразійскай бяспецы ў Мінску. Наступны этап: маўляў, «прыляцелі тры паветраныя шары». Потым ён прызнае, што паветраныя шары сапраўды былі, і нямала, але, маўляў, гэта літоўцы самі іх запусцілі. То бок Лукашэнка прызнае, што беларуская дзяржава не кантралюе сваю тэрыторыю, замежнікі прыязджаюць і робяць тут усё, што хочуць?

Ён тлумачыць бяздзеянне праваахоўных органаў тым, што, маўляў, літоўцы легальна купляюць беларускія цыгарэты, а тое, што яны потым іх з дапамогай зондаў перавозяць праз мяжу, — гэта не наша справа. Аднак, нагадаю, кантрабанда (як, дарэчы, і незаконнае перасячэнне мяжы мігрантамі) паводле беларускага заканадаўства з'яўляецца злачынствам. Атрымліваецца, што праваахоўныя органы свядома не выконваюць свае функцыі.

У адказ на рашэнне Літвы закрыць мяжу беларускі бок на месяц заблакаваў 5 тысяч літоўскіх грузавікоў, што апынуліся ў Беларусі.

Скандал у беларуска‑літоўскіх адносінах паўплываў на адносіны Беларусі і Польшчы. Мінск і Варшава дамовіліся, што ў абмен на вызваленне вядомых палітвязняў польскі бок адкрые два памежныя пераходы. Аднак Польшча ў знак салідарнасці з Літвой адкладае адкрыццё пунктаў пропуску на два тыдні. МЗС Беларусі адрэагаваў на гэта рэзкай заявай, і Лукашэнка абурыўся.

Што цяпер будзе з перамоўным працэсам паміж Беларуссю і ЗША, няясна. Амерыканцы сутыкнуліся з беларускай рэальнасцю. І яна ім не спадабалася. Да таго ж мір ва Украіне аддаляецца. Менавіта ў кантэксце перамоў з Расійскай Федэрацыяй Вашынгтон і цікавіўся Лукашэнкам.

У любым выпадку гісторыя з паветранымі шарамі паказвае, што тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаў. Спроба рэжыму Лукашэнкі яе прымяніць правалілася.

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках