«Ляжаць пад адкрытым небам»
10- 2.11.2025, 22:15
- 24,236
Спецназаўцы НГУ расказалі пра гіганцкія страты РФ на Пакроўскім накірунку.
Расійскія акупацыйныя войскі нясуць велізарныя страты ў жывой сіле, спрабуючы выканаць загады ваеннага кіраўніцтва і дасягнуць поспехаў у Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі любой цаной.
Пра гэта ў нядзелю, 2 лістапада, расказалі байцы «Вострых казыркоў» — другога асобнага атрада Цэнтра спецыяльнага прызначэння «Амега» Нацыянальнай гвардыі Украіны (НГУ).
«Проста гіганцкія страты расійскай арміі пад Родзінскім», — гаворыцца ў апісанні да фота, апублікаваных у Telegram-канале падраздзялення.
Паводле слоў байцоў, амаль усе акупанты, што на здымках, былі знішчаныя з дапамогай дронаў.
«Дзясяткі спаленых або разарваных цел расійскіх салдат ляжаць пад адкрытым небам на падыходах да горада», — адзначылі ў «Вострых казырках».
Украінскія абаронцы адзначылі, што варожыя войскі ціснуць на пазіцыі Сіл абароны «проста мясам», пры гэтым тактыка або стратэгія адсутнічаюць. Паводле іх слоў, Расія гатовая ахвяраваць тысячамі сваіх вайскоўцаў дзеля мінімальнага прасоўвання.
«Таму, калі вы бачыце на картах прасоўванне ворага, то ведайце, якую цану плаціць акупант за кожны квадратны метр украінскай зямлі», — падкрэслілі байцы падраздзялення НГУ.