Спадарожнікавыя здымкі пацвердзілі знішчэнне яшчэ аднаго самалёта РФ у Таганрозе
4- 26.11.2025, 8:58
- 7,550
Гэта не проста Іл-76, а самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення.
Падчас атакі ЗСУ на Таганрог, а менавіта на расійскі авіязавод «ТАНТК імя Берыева», уначы на 25 лістапада ўдалося знішчыць не толькі эксперыментальны самалёт расійскай арміі А-60, але і самалёт А-100ЛЛ.
Пра гэта паведамляе OSINT-праект «Гарбуз» у Telegram.
Пра страту яшчэ аднаго самалёта Узброеных Сіл РФ сведчаць спадарожнікавыя здымкі.

На здымках выдатна відаць вынік камбінаванай атакі ЗСУ, у якой выкарыстоўваліся ракеты «Барс» і крылатыя ракеты «Нептун».
Заўважым, што замест Іл-76, пазначанага на здымку, гаворка ідзе менавіта пра А-100ЛЛ, пра што сведчыць наступны спадарожнікавы здымак, зроблены яшчэ да атакі.

А-100ЛЛ — гэта выпрабавальны стэнд для расійскага даўгабуда А-100 «Прем’ер», які паводле плану мусіў прыйсці на змену савецкім самалётам ДРЛВ А-50, але праграма яго стварэння балянсавала на мяжы закрыцця.
Як піша Defence Express, увагу варта звярнуць на апоры антэны РЛС над крылом гэтага самалёта. Гэта наўпрост сведчыць, што гэта не проста Іл-76, а самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення. Адрозніць жа А-100 ад А-50 і А-50У дазваляе дадатковая антэна, якая размешчаная над кабінай самалёта і якой няма ў А-50.
А тое, што гаворка ідзе менавіта пра А-100ЛЛ, то бок лятучую лабараторыю, а не прататып А-100 «Прем’ер», пацвярджае сам факт яго знаходжання на «ТАНТК імя Берыева», на пляцоўцы якога ён стаіць ужо шмат гадоў. І гаворка пра самалёт на базе Іл-76МД з бартавым чырвоным нумарам «52» і рэгістрацыяй RF-93953.
Таксама вельмі важная роля гэтага А-100ЛЛ — гэта фактычна наземны стэнд для выпрабавання ўсіх сістэм А-100. Менавіта на ім павінен праводзіцца цэлы шэраг прац па выпрабаваннях і ацэнках абсталявання для ўжо сапраўднага самалёта. І гэты А-100ЛЛ, без сумневу, з’яўляецца вельмі важным актывам усёй расійскай праграмы стварэння новых самалётаў ДРЛВ на змену А-50 і, хутчэй за ўсё, мадэрнізацыі наяўнага парку.