Еўразвяз падрыхтаваў новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі
3- 28.11.2025, 11:39
- 7,492
Брусэль хоча закрыць шчыліны ў абмежавальных мерах.
Еўразвяз падрыхтаваў шэраг новых санкцый супраць Беларусі, каб закрыць шчыліны, праз якія Мінск дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта «Радыё Свабода» даведалася ад дасведчаных крыніц у Брусэлі.
Сярод абмежаванняў, якія ёсць у новым пакеце санкцый Еўразвязу, наступныя:
Уводзіцца забарона на дадатковы спіс тэхналогій і тавараў падвойнага прызначэння, а таксама тэхналогій і тавараў, якія могуць узмацніць ваенную прамысловасць і сферу бяспекі. Адзначаецца, што некаторыя з гэтых тавараў Расія выкарыстоўвала ў вайне супраць Украіны — у прыватнасці, кампаненты для беспілотнікаў;
Што да шэрагу тавараў, якія могуць узмацніць ваенную прамысловасць і сферу бяспекі, таксама ўводзіцца забарона на транзіт праз Беларусь;
Уводзіцца забарона на пастаўкі ў Беларусь некаторых тыпаў праграмнага забеспячэння;
Абмяжоўваецца імпарт алюмінію з Беларусі;
Пашыраецца забарона для еўрапейскіх кампаній на аказанне будаўнічых паслуг у Беларусі;
Забараняюцца аўтамабільныя грузаперавозкі па тэрыторыі Еўразвязу кампаніям, якія на 25% або больш належаць беларускім фізічным або юрыдычным асобам;
Пашыраецца спіс асоб, якія трапляюць пад санкцыі — сярод іх павінны быць усе, хто атрымлівае выгаду ад беларускага ваенна-прамысловага комплексу;
Уводзяцца дадатковыя меры кантролю за фінансавымі аперацыямі беларускіх кампаній у Еўразвязе.
Адзначаецца, што мэта новага пакета санкцый — максімальна абмежаваць удзел Беларусі ў расійскай ваеннай машыне і перакрыць усе магчымыя шляхі абыходу еўрапейскіх абмежаванняў.