Еўракамісія забараніла выдаваць мультывізы расіянам
17- 7.11.2025, 14:08
- 11,454
(Абноўлена) ЕС узмацняе правілы выдачы віз грамадзянам РФ.
Еўракамісія абмежавала выдачу шматразовых шэнгенскіх віз расіянам для паездак у краіны Еўрасаюза. Пры гэтым дзеючыя візы расіян застануцца дзейнымі.
Аб гэтым паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на пастанову ЕС.
Адзначаецца, што новыя заявы ад грамадзян РФ на атрыманне такіх віз будуць праходзіць узмоцненыя праверкі.
«Выкарыстанне РФ міграцыйнай зброі, акты дыверсій на тэрыторыі ЕС і ў міжнародных водах Балтыйскага мора, а таксама злоўжыванне візамі для распаўсюду прапаганды азначаюць, што расійскія заяўнікі на атрыманне візы павінны падлягаць пільнай праверцы», - гаворыцца ў пастанове Еўракамісіі.
Мэта новаўвядзення заключаецца ў тым, каб знізіць пагрозы дзяржаўнай палітыцы і ўнутранай бяспецы ЕС, дапускаючы пры гэтым выключэнні для абмежаваных і абгрунтаваных выпадкаў, такіх як незалежныя журналісты і праваабаронцы.
Гэтае рашэнне грунтуецца на сумеснай ацэнцы дзяржаў-членаў у межах шэнгенскага супрацоўніцтва. Адзначаецца, што да расійскіх заяўнікаў павінны прымяняцца значна больш абмежавальныя правілы, чым тыя, што прадугледжаныя агульным рэгламентам.
- Уварванне РФ ва Украіну стварыла самую небяспечную сітуацыю ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі. Цяпер мы сутыкаемся з беспрэцэдэнтнымі парушэннямі і дыверсіямі на нашай тэрыторыі. Цяпер да грамадзян Расіі, якія патрабуюць візу для паездкі ў ЕС, будуць прымяняцца больш строгія правілы, - заявіла вярхоўная прадстаўніца па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Кая Каллас.
Для каго зробяць выключэнні
Згодна з абноўленым рэгламентам, шматразовыя візы будуць выдавацца толькі пэўным дакладна вызначаным групам заяўнікаў, якія маюць нізкі профіль рызыкі.
Паводле ацэнкі, праведзенай у межах мясцовага шэнгенскага супрацоўніцтва ў Расіі, гэта павінна датычыць блізкіх членаў сем'яў асоб, што пражываюць у Еўрасаюзе, і транспартных работнікаў — маракоў, кіроўцаў грузавікоў і аўтобусаў, а таксама членаў цягніковых брыгад.