Дом у закрытым комплексе пад Мінскам прадалі амаль за мільён долараў
1- 7.11.2025, 15:22
- 6,268
Улетку там засвяціўся амерыканскі спявак.
Катэдж у комплексе «Міруар» каля Мінскага мора купілі за 996 тысяч долараў — ён стаў самым дарагім, прададзеным у Беларусі паводле вынікаў кастрычніка. Пра гэта паведаміла экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская. («Зеркало» https://news.zerkalo.io/life/112853.html?c) распавядае пра загадкавы пасёлак, які належыць бізнесмену з Турцыі, дзе паспеў засвяціцца пап-спявак з ЗША.
Што за комплекс?
Паводле інфармацыі Наталлі Літоўскай, аб'екты ў пасёлку «Міруар» ужо траплялі ў топ найбуйнейшых здзелак па выніках чэрвеня і ліпеня. Яна адзначае, што гэтыя дамы не рэкламуюцца, бо «не разлічаныя на шырокія народныя масы».

Поўная назва комплексу — «MIRUAR SPA-HOTEL & VILLAS». Ён пабудаваны на месцы закінутага рэстарана «Заслаўе» на тэрыторыі аграгарадка «Ждановічы» ў Мінскім раёне. Плот катэджнага пасёлка мяжуе з пляжам № 3 на беразе Мінскага мора.
На сайце праекта гаворыцца, што гэта загарадная сядзібная забудова, якая складаецца з 44 віл VIP-класа. Плошча кожнай вілы — 570–650 кв. м. У іх па пяць спален з ваннымі пакоямі і гардэробнымі і «прасторная гасцёўня з камінам». Таксама ў катэджах ёсць зона SPA і трэнажорная зала. На тэрыторыі ўчастка ўжо ёсць «ландшафтны дызайн з аўтаматычным палівам і падсветкай» і зона барбекю.

Забудоўшчык указвае, што тэрыторыя пасёлка закрытая і знаходзіцца пад кругласутачнай аховай з відэаназіраннем. Жыхарам абяцаюць «высокі ўзровень прыватнасці» і кансерж-сэрвіс.
Таксама на тэрыторыі знаходзіцца «унікальны SPA-гатэль з апартментамі, салонам прыгажосці, зонай SPA, басейнам, трэнажорнай залай і кафэ-рэстаранам». Цэны на вілы на сайце не пазначаныя.

Хто яго ўласнікі?
У кампаніі-забудоўшчыка «Міруар» два суўладальнікі. Першы — Мустафа Эгемэн Шэнер, яму належыць 70% кампаніі. Гэта афіцыйны ўласнік беларускага ТАА «Ігорны картэль», якое стаіць за казіно H CASINO ў гатэлі DoubleTree by Hilton у цэнтры Мінска. Раней журналісты-расследавальнікі называлі Шэнера грамадзянінам Турцыі, аднак у Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў краінай яго грамадзянства пазначана Беларусь.

У лютым 2025 года Беларускі расследавальны цэнтр выпусціў матэрыял, дзе гаварылася, што ў яго казіно адмывалі сотні мільёнаў еўра з усёй Еўропы, сабраныя праз нелегальныя стаўкі.
Другі суўладальнік «Міруара» — Аляксандр Калджыеў, яго доля — 30%. Ён саветнік у кампаніі «Маркетліга» — сетцы крамаў беспошліннага гандлю, якая належыць Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту і Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу. Акрамя іншага, Калджыеў быў ганаровым консулам Беларусі ў Вануату.
Што там рабіў амерыканскі спявак?
У ліпені 2025 года ў Мінск прыязджаў амерыканскі пап-спявак Джэйсан Дэрула. За некалькі дзён ён паспеў «адпачыць» у бары на Зыбіцкай, а таксама даць інтэрв'ю дзяржТБ, сустрэцца з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным і кіраўніком НАК Віктарам Лукашэнкам. Аднак найперш Дэрула сустрэўся з Мустафам Шэнерам, асноўным уласнікам «Міруара».

Сапраўдная мэта гэтай паездкі засталася невядомай. Неўзабаве пасля яе ў Instagram-акаўнце Дэрулы з’явілася відэа, дзе ён спявае і танцуе ў катэджы на беразе вадаёма. Па пейзажах журналісты пазналі менавіта закрыты комплекс «Міруар».
Дарэчы, падчас сустрэчы Турчына з Дэрулам у размове згадвалі нейкі дом.

— Калі наконт дома падумаеце, мы гатовыя дапамагчы, — прапанаваў Турчын.
— Так, мне патрэбна дапамога, — адказаў Дэрула.